29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жорстка разагнаная акцыя апазіцыі (Відэа)

49
Жорстка разагнаная акцыя апазіцыі (Відэа)

20 чалавек былі арыштаваныя 8 лютага на Кастрычніцкай плошчы Менска. Амапаўцы зноў не давалі журналістам працаваць, дзейнічаючы, як і раней, па-бандыцку.

Актывісты апазіцыі мелі намер правесці 8 лютага акцыю салідарнасці з палітвязнямі Мікалаем Аўтуховічам і Уладзімірам Асіпенкам, якія роўна год утрымліваюцца ў следчым ізалятары. За паўгадзіны да пачатку акцыі на плошчы і праспекце Незалежнасці, ля выхадаў з метро і падземных пераходаў, дзяжурылі супрацоўнікі АМАПа ў цывільным.

Як толькі апазіцыянеры вышлі на плошчу і дасталі партрэты вязняў сумлення, на іх накінуліся дзесяткі супрацоўнікаў АМАПа ў форме і цывільным. З ужываннем грубай сілы, збіваючы, апазіцыянераў закінулі ў два міліцэйскіх аўтобуса. Сярод затрыманых – актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель, Паліна Кур'яновіч, Максім Вінярскі, лідэр «Моладзі БНФ» Андрэй Крэчка, адзін з лідэраў «Маладога Фронту» Мікола Дземідзенка і іншыя.

Журналістам не давалі здымаць беззаконне, якое адбывалася. Як і на ранейшых акцыях апазіцыі, да кожнага карэспандэнта былі прыстаўленыя некалькі чалавек у цывільным, якія закрывалі аб'ектывы фота- і відэакамераў, піхалі журналістаў, білі іх па руках і апаратуры і не давалі выконваць прафесійныя абавязкі.

Пры гэтым амапаўцы ў цывільным не называліся і не паказвалі ніякіх дакументаў. Супрацоўнікі міліцыі ў форме, якія знаходзіліся на плошчы, на просьбы журналістаў звярнуць увагу на невядомых людзей, што нападалі на іх, не рэагавалі.

Нагадаем, што пасля жорсткага разгону акцыяў салідарнасці ў верасні і кастрычніку 2009 года, калі прадстаўнікам СМІ такім жа чынам не давалі працаваць, намеснік міністра ўнутраных справаў Беларусі Яўген Полудзень заявіў, што міліцыяй распрацаваныя меры, якія зменяць фармат працы з журналістамі на масавых акцыях.

«У самы найбліжэйшы час прэса і міліцыя на акцыях змогуць працаваць наступным чынам: на акцыі будуць прысутнічаць прэс-афіцэры, супрацоўнікі МУС у сініх камізэльках, да якіх супрацоўнікі сродкаў масавай інфармацыі могуць звяртацца па ўсіх пытаннях таго, што адбываецца», - сказаў тады Полудзень. Міліцэйскі начальнік таксама сказаў, што ў распрацоўцы комплексу мераў па працы з журналістамі беларуская міліцыя абапіраецца на досвед калегаў з Германіі.

Ніякіх прэс-афіцэраў 8 лютага на акцыі апазіцыі не было. Супрацоўнікі АМАПа працягваюць дзейнічаць у дачыненні да журналістаў звычайнымі бандыцкімі метадамі.

Гэта атрымалася зняць падчас акцыі 8 лютага аператару сайта charter97.org. За гэта амапаўцы ў цывільным ледзь не разбілі нашую відэакамеру

Затрыманых на плошчы апазіцыянераў вызвалілі без складання пратаколаў і прад'яўленні якіх-небудзь абвінавачванняў праз дзве гадзіны. У актывістаў апазіцыі ўзялі адбіткі пальцаў і знялі іх на відэакамеру.

«Затрыманне на плошчы адбывалася вельмі жорстка. Людзей літаральна закідвалі ў міліцэйскія аўтобусы. Некалькі затрыманых былі збітыя. Сінякі і удары засталіся практычна ва усіх, хто быў затрыманы. У РУУС нас усіх паставілі тварам да сценкі і дзве гадзіны прымусілі стаяць без руху. Любыя спробы размаўляць адзін з адным ці высветліць падставы затрымання супрацоўнікі міліцыі перапынялі», -- распавёў адзін з затрыманых, каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель.

Камандаваў разгонам акцыі начальнік упраўлення правапарадку міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Аляксандр Барсукоў (злева, фота з архіва)

Для дэманстрацыі "працы" беларускага АМАПа на акцыях апазіцыі падаем відэа з архіва

Паўтараем таксама фатаграфіі супрацоўнікаў АМАПа, якія перашкаджаюць працы журналістаў на акцыях апазіцыі

Фота bymedia.net

Фота БелаПАН

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках