20 красавiка 2024, Субота, 12:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзесяткі тысяч беларусаў на вуліцах Менска (Фота)

32
Дзесяткі тысяч беларусаў на вуліцах Менска (Фота)

Дзесяць гадоў таму прайшоў Марш Свабоды-2, які стаў адной з самых масавых акцый, праведзеных беларускай апазіцыяй.

Падрыхтоўка да акцыі праходзіла ў даволі складаных умовах. Яшчэ свежыя былі ўспаміны пра першы Марш Свабоды, які скончыўся жорсткім разгонам і сутыкненнямі дэманстрантаў з АМАПам, і ўнутранымі войскамі. Гэты фон улады максімальна выкарыстоўвалі, імкнучыся сарваць акцыю або, прынамсі, максімальна знізіць колькасць яе ўдзельнікаў, паведамляе сайт «Еўрапейская Беларусь».

Практычна кожны дзень міліцыя затрымлівала актывістаў дэмакратычных арганізацый, якія распаўсюджвалі інфармацыйныя матэрыялы. У незалежныя СМІ «злівалася» інфармацыя пра тое, што спецслужбы рыхтуюцца жорстка разагнаць дэманстрацыю. Студэнтам пагражалі адлічэннем з ВНУ, калі 15 сакавіка яны будуць адсутнічаць на занятках ці ў інтэрнатах. Чыноўнікі і сілавікі адкрыта пагражалі арганізатарам маніфэстацыі.

Не ўтрымаўся ад пагроз і сам Аляксандр Лукашэнка. Напярэдадні Марша Свабоды, 14 сакавіка, на сесіі «палаты прадстаўнікоў» Лукашэнка сказаў:

«Чачня, Югаславія, Ірландыя, выбухі, хваляванні ў начы - трэба і Беларусі паказаць карцінку. Карціну. Таму яны запатрабавалі на 18 гадзін, і гарвыканкам зноў жа пайшоў на паваду, і пагадзіўся з імі на нейкае шэсце. Нейкую бойню зладзяць. Вялікі прагляд з паходнямі... Каго абвінавацяць потым? Зноў скажуць, што гэта прэзідэнт уцягнуў іх у правакацыю, як 17 кастрычніка. Так, калі вы ведалі, што прэзідэнт вас цягне на правакацыю, чаго вы лезеце? Чаго вы ідзяце як трусы да ўдава ў пастку».

Праўда, пазней Лукашэнка, абмовіўшыся, міжволі пахваліў маючую адбыцца акцыю, назваўшы яе «Маршам новых беларусаў».

Тым не менш, нягледзячы на пагрозы, рэпрэсіі, і жахлівае надвор'е, у Маршы свабоды-2 прынялі ўдзел каля 40 тысяч чалавек. Ля ўваходаў на плошчу Якуба Коласа, дзе быў прызначаны збор, удзельнікаў чакалі імправізаваныя касы, дзе ім выдавалі «стодаляравую купюру» з надпісам «Удзельніку Марша Свабоды-2». Такім чынам, арганізатары адрэагавалі на абвінавачванні ў тым, што людзі ўдзельнічаюць у акцыях за грошы.

Вялізная калона прайшла па праспекце Скарыны да Акадэміі Навук. Лозунгі Марша - «Свабоду палітвязням!», «Не дыктатуры!», «Беларусь у Еўропу!».

Улады ўсяляк спрабавалі перашкаджаць спакойнаму шэсцю. На шляху калоны штучна ствараліся пробкі, удзельнікаў акцыі правакавалі актывісты РНЕ, але дзякуючы высокаму ўзроўню арганізацыі, сутыкненняў удалося пазбегнуць.

Фотаздымкі шырокіх менскіх вуліц, запоўненых бел-чырвона-белымі сцягамі, абляцелі ўвесь свет, развянчалі міф аб нешматлікіх прыхільніках дэмакратыі ў Беларусі. «Марш Свабоды-2» завяршыўся мітынгам і канцэртам з удзелам гуртоў «NRM», «Neuro Dubel» і іншых музыкаў.

Людзей, якія прыйшлі на «Марш Свабоды-2» не спынілі снег з дажджом, хлусня афіцыйных СМІ і пагрозы ўладаў. Беларусы даказалі сабе, што рэпрэсіі і запалохванне не змогуць зламаць імкненне народа да цывілізаванага еўрапейскайга жыцця.

Улады спужаліся шматлікіх акцый. Праз дзесяць дзён, 25 сакавіка, у Менск былі ўведзеныя войскі з бронетэхнікай, і акцыя ў Дзень Волі была жорстка падаўленая. Сотні чалавек былі збітыя і арыштаваныя.

Тым не менш, «Марш Свабоды-2» дапамог дэмакратычнай грамадскасці мабілізавацца, і стаў пралогам для паспяховай кампаніі байкоту выбараў у «палату прадстаўнікоў», дзякуючы якой удалося пазбегнуць міжнароднага прызнання прызначанага «парламента».

Людзі, якія ўпершыню прыйшлі на «Марш Свабоды» і «Марш Свабоды-2» або былі іх сведкамі, сталі новым пакаленнем беларускіх дэмакратаў. Людзьмі, якія ведаюць цану свабоды і гатовыя за яе змагацца, людзьмі, якія незалежна ад абставінаў ніколі не стануць рабамі.

«Так, вясёлы час быў. Гэта была добрая калектыўная праца. Заяўку ў гарвыканкам на правядзенне Марша падпісалі 50 чалавек. Адбылося некалькі сустрэч у гарвыканкаме. Улады, як і сёння, вельмі моцна залежалі ад пазіцыі Еўропы, ды і старшыня місіі АБСЭ Ханс-Георг Вік зусім не быў пустым месцам. У тым ліку і таму, а можа і ў сувязі з Днём канстытуцыі «Марш Свабоды-2» быў дазволены. Адказнымі ў Каардынацыйнай Радзе дэмакратычных сіл за падрыхтоўку і правядзенне Марша былі прадстаўнікі Хартыі'97. Стрэс для нас, вядома, быў сур'ёзны, але Марш атрымаўся. На вуліцах не было відаць ніводнага міліцыянта ў форме. За ўсё адказвала апазіцыя. Ужо пасля канцэрта да мяне падышлі міліцэйскія генералы і падзякавалі «за бездакорную арганізацыю», сказаўшы, што я «цалкам мог бы працаваць начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі».

Нягледзячы на рэпрэсіі, нацыянальна-дэмакратычныя сілы знаходзіліся тады на ўздыме, які скончыўся ўвосень 2001 года з-за бездарных дзеянняў Домаша і Ганчарыка.

У актыве беларускай апазіцыі шмат бліскучых акцый і да, і пасля 15 сакавіка 2000 года. Але «Марш Свабоды-2» быў асаблівай праявай чалавечага духу і дэманстрацыяй рашучасці беларусаў пазбавіцца ад дыктатуры», - падзяліўся ўспамінамі аб «Маршы Свабоды-2» адзін з яго арганізатараў Зміцер Бандарэнка.

Аргкамітэт "Марша Свабоды-2"

Плакат з заклікам узяць удзел у "Маршы Свабоды-2"

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках