У кандыдата ў дэпутаты канфіскавалі ноўтбук і флэш-карткі
3- 17.04.2010, 10:55
У Мастах прайшлі ператрусы ў дамах кандыдата ў дэпутаты ад апазіцыі Аляксандра Зарэмбюка і яго бацькоў.
Канфіскаваны ноўтбук і іншыя рэчы. Як паведамляе «Радыё Свабода», у суботу раніцай Алесь Зарэмбюк павінен з'явіцца ў Гародню ў абласное ўпраўленне КДБ да следчага Паведайкі. Яго выклікаюць у якасці падазраванага. Супраць апазіцыянера ўзбуджаная крымінальная справа, падазраюць у махлярстве. Алесь Зарэмбюк балатуецца на мясцовых выбарах у Гарадзенскі абласны і ў Мастоўскі раённы саветы дэпутатаў. Ён з'яўляецца рэгіянальным каардынатарам руху «За свабоду» у Гарадзенскай вобласці.
Ператрусы прайшлі без самога Алеся Зарэмбюка, але калі ён прыехаў дадому, следчыя яшчэ былі на месцы.
«Я прыйшоў, у доме ўсё перавернута, забралі ноўтбук, «флэшкі», дыскі. Таксама сталі мне пагражаць, што зараз аформяць справаздачу, што я падвышаў голас. Потым сталі палохаць, што «пагаворым з табой у іншым кабінеце». Адзін з іх, Данілаў, вельмі нахабна сябе паводзіў і пагражаў жонцы, што ў яе будуць вялікія праблемы, калі яго імя патрапіць у прэсу».
Ператрус адбываўся на вачах жонкі Алеся Зарэмбюка Таццяны. Яе забралі з працы ў райшпіталі.
«Што адчувала? Нічога не адчувала. Усё самае страшнае здарылася на працы, таму што ўсё адбывалася ў прысутнасці адміністрацыі - галоўнага ўрача, загадчыцы аддзялення, калі прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Дома паводзілі сябе нахабна, забаранялі карыстацца тэлефонам, вялі відэаздымку. Усё цягнулася даволі доўга - з 16 гадзінаў - чатыры-чатыры з паловай гадзіны», - распавяла жонка Алеся Зарэмбюка.
Па словах кандыдата ў дэпутаты, падчас ператрусу супрацоўнікі КДБ шукалі «яшчэ адзін кампутар».
«Дзе другі кампутар?» - пыталіся яны.