28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У ААН не зразумелі ініцыятывы Козіка аб падатаку для бяздзетных

40
У ААН не зразумелі ініцыятывы Козіка аб падатаку для бяздзетных

Фонд ААН у галіне народанасельніцтва раскрытыкаваў скандальную ініцыятыву лідэра праўладных прафсаюзаў.

У Беларусі для стымулявання нараджальнасці прапанавана прыняць радыкальныя меры — увесці падатак з мужчынаў ва ўзросце ад 25 да 40 гадоў, якія не маюць дзяцей.

«Калісьці такая практыка ўжо ўжывалася. Трэба да гэтага вярнуцца, — лічыць аўтар гэтай ідэі старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік. — Гэта і папаўненне бюджэту, і своеасаблівы, дастаткова важкі стымул для тых прадстаўнікоў моцнага полу, якія сыходзяць ад свайго грамадзянскага абавязку. Пры гэтым, калі нараджаецца першае дзіця, падатак павінен быць зніжаны на 50%. Пры нараджэнні другога — падатак адмяняецца. Нарадзіўся трэці — дзяржава вяртае ўвесь выплачаны раней падатак».

Як распавялі ў беларускім прадстаўніцтве ЮНФПА (фонд ААН у галіне народанасельніцтва), практыка та такая існавала, ды вось толькі станоўчых вынікаў яна не прынесла.

«Не думаю, што такая мера можа быць эфектыўная ў стымуляванні падвышэння нараджальнасці ў Беларусі, — выказала сваё меркаванне «Беларускім навінам» старэйшы супрацоўнік ЮНФПА ў Беларусі па праграмных пытаннях Таццяна Пронька. — Такі вопыт быў уведзены ў СССР у 40-я гады мінулага стагоддзя. Аднак паказчыкі савецкіх гадоў сведчаць пра тое, што падвышэння нараджальнасці ён не прынёс. Так, калі пасля ўвядзення такога падатку ў 40-я гады сумарны каэфіцыент нараджальнасці быў 4,3, дык ўжо да 65-га года ён знізіўся да адзнакі ў 2,14…»

Дарэчы, як заўважыла спецыяліст, ніводная еўрапейская краіна ніколі не ўводзіла такога падатку і нават не абмяркоўвала такую магчымасць.

«Бо гэта элементарнае парушэнне правоў чалавека, — падзялілася Т.Пронька. — Кожны чалавек вольны вырашаць, калі і колькі яму дзяцей мець — без усякага ціску звонку».

Магчыма, актыўнасць нашых чыноўнікаў у галіне паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі, якая накіроўваецца ці то на павелічэнне пенсійнага ўзросту, ці то на прыцягненне мігрантаў, ці то на ўвядзенне падатку на бяздзетнасць, варта пераключыць на падтрымку беларусаў, якія і не супраць палепшыць дэмаграфічную сітуацыю Беларусі, але па нейкіх прычынах зрабіць гэтага не могуць…

«Варта б звярнуць увагу на іншыя метады стымулявання нараджальнасці і паляпшэння дэмаграфіі, якія вылучаюцца сваёй дзейснасцю, — выказалася Т.Пронька. — Першае — трэба аказваць медыцынскую і фінансавую дапамогу тым людзям, якія хочуць, але па стане здароўя не могуць завесці дзяцей. Гэта праблема не надуманая: у Беларусі каля 15-16% параў з'яўляюцца бясплоднымі. З цяжкасцямі ў гэтай галіне сутыкаецца 50% жанчынаў і мужчынаў у цэлым.

Другое — неабходна ўводзіць такія меры сямейнай палітыкі, якія былі б накіраваныя на стварэнне спрыяльнага асяроддзя для ахвотных завесці дзіця. Галоўнае тут — магчымасць для абодвух бацькоў спалучаць працоўную дзейнасць з выхаваннем дзяцей. Напрыклад, частковая занятасць, пры якой забеспячэння на ўтрыманне сям'і хапала б. У гэтай галіне прыкладам можа з'яўляцца вопыт Скандынаўскіх краінаў з выдатнай інфраструктурай, якая дае бацькам магчымасць працаваць без усякай шкоды для выхавання дзяцей».

Дарэчы, сёння большасць еўрапейскіх краінаў у сямейнай палітыцы прытрымваюцца шляху гендэрнай роўнасці.

«Гэта значыць, што ў дзяржаве праводзіцца сацыяльная палітыка, арыентаваная на прыцягненне мужчынаў да догляду і выхавання дзяцей, — патлумачыла Т.Пронька. — Пры гэтым усяляк падтрымліваецца жаданне жанчынаў працягваць кар'еру.

Сучасная Беларусь знаходзіцца на ростанях паміж гэтым варыянтам і палітыкай, накіраванай на ўтрыманне жанчынаў дома — калі акцэнт робіцца на сацыяльных дапамогах і ільготах. З аднаго боку, усе гэтыя прыкметы ў нас у наяўнасці. Але з іншага, у нас распрацоўваюцца праекты па гендэрным раўнапраўі. Акрамя таго, мы — адна з нешматлікіх краінаў, дзе мужчыны могуць сыходзіць у дэкрэтны адпачынак па доглядзе за дзіцем».

«Усё можна зрабіць, калі ёсць людзі. І на нашай зямлі павінна жыць, мінімум, 30 млн. чалавек, а не 10. Мы гэта ведаем, грунтоўна і сур'ёзна займаемся гэтым пытаннем», — казаў летась Аляксандр Лукашэнка, які назваў дэмаграфічную праблему ў Беларусі «самай вялікай і балючай праблемай».

Аднак, як заяўляюць спецыялісты, беларусам не дацягнуць у хуткім часе нават да 10 мільёнаў, не кажучы ўжо пра больш буйныя лічбы. Тэмп нараджальнасці залежыць ад узроставай структуры насельніцтва і колькасці жанчынаў у рэпрадуктыўным узросце. Зараз адбываецца змяншэнне ўнёску ў нараджальнасць пакалення 80-х, калі ў краіне здарыўся бебі-бум, вось яна і змяншаецца. А пасля 2010 года ў найбольш актыўны дзецянараджальны ўзрост будуць уступаць вельмі нешматлікія кагорты тых, хто нарадзіўся ў 90-я гады.

«Пры любым стымуляванні нараджальнасці трэба памятаць пра тое, што беларусаў ужо ніколі не будзе 10 мільёнаў, — заўважыла Т.Пронька. — Пра гэта сведчаць шматлікія структурныя дэмаграфічныя паказчыкі. Раней для падтрымання беларускага насельніцтва прыблізна на такім узроўні на кожную жанчыну павінна было прыпадаць па 2,1 дзіцяці. Сёння нават калі кожная беларуска народзіць па пяць дзяцей, мы не дасягнем 10 мільёнаў…» Таму ў першую чаргу варта звярнуць увагу на насельніцтва Беларусі, якое жыве цяпер, і клапаціцца пра іх якасць жыцця.

«Гэта значыць даць магчымасць якаснай і бесперапыннай адукацыі, якая будзе дасягальная для ўсіх, заўсёды і ў любым узросце, — патлумачыла Т.Пронька. — Неабходна стварыць элементарна камфортныя побытавыя ўмовы жыцця. Актуальнае і ўкладанне сродкаў у сістэму аховы здароўя, меры якой павінны быць накіраваныя ў першую чаргу на прафілактыку захворвання насельніцтва».

Акрамя таго, рэзкія змены курсу сямейнай палітыкі не абяцаюць нічога добрага краіне ў цэлым.

«Таму што за любымі мерамі па стымуляванні нараджальнасці, натуральна, ідзе дэмаграфічная хваля, — распавяла Т.Пронька. — Але за ёй заўсёды ідзе дэмаграфічная яма. І гэта ўплывае не проста на колькасць насельніцтва, але і на эканоміку, палітыку. Напрыклад, ад вагання нараджальнасці залежыць запатрабаванасць урачоў ці выкладчыкаў ці іх «непатрэбнасць».

Так што, лепш калі колькасць насельніцтва застаецца стабільнай. Гэтаму можа дапамагчы спалучэнне прамых і ўскосных метадаў стымулявання нараджальнасці. Прамыя — напрыклад, матэрыяльная зацікаўленасць — стымулююць пары, ужо якія нарадзілі адно дзіця і вагаюцца перад тым, каб займець другое. А ўскосныя меры — з сацыяльным ухілам, як стварэнне неабходных умоваў для маладых бацькоў — дапамогуць вызначыцца тым, у каго яшчэ няма дзяцей. Спалучэнне гэтых мераў — самыя эфектыўныя сродкі па падтрыманні балансу».

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках