17 траўня 2024, Пятніца, 10:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амбасадар Расеі: Беспадстаўна павялічваць пастаўкі нафты ў Беларусь жадання няма

11

Расея не гатовая на першым этапе дэмантаваць мытныя пошліны на нафту і нафтапрадукты.

«Ісці на беспадстаўнае павелічэнне паставак нафты ў Беларусь у нас жадання няма», — заявіў амбасадар Расеі Аляксандр Сурыкаў на прэс-канферэнцыі ў Менску 11 чэрвеня, паведамляе БелаПАН.

Ён нагадаў, што ў студзені 2010 года Беларусь і Расея падпісалі дакументы па пастаўках нафты ў Беларусь. «Студзеньскі пратакол прадугледжваў пастаўкі 6,3 млн. тон расейскай нафты для стоадсоткавага забеспячэння ўнутраных запатрабаванняў Беларусі. Яны перадаюцца бяспошлінна», — падкрэсліў дыпламат.

Ён таксама адзначыў, што пратакол прадугледжвае перагляд гэтай квоты ў верасні 2010 года і магчымае павелічэнне аб'ёмаў пастаўкі бяспошліннай нафты.

Ад сённяшняга візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву, па словах Сурыкава, «трэба чакаць таго, чаго хоча беларускі і расейскі бок». «Мы не гатовыя на першым этапе дэмантаваць мытныя пошліны на нафту і нафтапрадукты», — заявіў амбасадар РФ.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што «самі мытныя пошліны ў мытным саюзе — гэта атавізм».

Па словах Сурыкава, абодвум бакам «неабходна думаць, як выходзіць з гэтай сітуацыі, фармуючы ўзаемавыгадныя і раўнапраўныя ўмовы вядзення бізнэсу ў гэтай сферы». «Датаванне адной дзяржавы за кошт іншай — гэта няправільная рэч. Таму, хто выдае, непрыемна, і таму, хто атрымлівае, непрыемна і крыху зневажальна», — заявіў расейскі амбасадар.

Амбасадар Расеі таксама лічыць, што магчымае стварэнне Мытнага саюза Расеі і Казахстана без Беларусі пагражае мытнаму складніку «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі, перадае «Інтэрфакс».

«Гэта пагражае мытнай частцы Саюзнай дзяржавы. Мы чапляем трэцюю дзяржаву. Мытны саюз Расеі і Казахстана ўступае ў супярэчнасці», - заявіў Сурыкаў.

Амбасадар лічыць неабходным «уважліва разгледзець, што можа адбыцца, калі Беларусь апынецца па-за рысай Мытнага саюза Расея-Казахстан». «Будзе вельмі складана захаваць сітуацыю, якая склалася ў «саюзнай дзяржаве» Беларусі і Расеі», - дадаў Сурыкаў. На яго думку, у выпадку фармавання дзвюх мытных тэрыторыяў «мы можам пачаць ушчамляць інтарэсы Казахстана».

У гэтай сувязі, каментуючы ўмовы беларускага боку, які гатовы ўступіць у Мытны саюз «тройкі» толькі ў выпадку адмены экспартных пошлінаў на нафту і нафтапрадукты, уведзеных Расеяй напачатку 2010 года, амбасадар падкрэсліў, што «я не бачу пакуль тут сур'ёзных хібаў - мы перадалі Беларусі бяспошлінна для ўнутраных патрэбаў 6,3 млн тон, з пошлінай перадаецца аб'ём, які рээкспартуецца праз перапрацоўку нафты».

Сурыкаў нагадаў, што механізм гандлю нафтай з Беларуссю быў зацверджаны напачатку гэтага года міжурадавым пратаколам. «Такі пратакол ёсць. Якія яшчэ дакументы трэба рыхтаваць, я не бачу. Гэты пратакол адказвае на пытанне беларускага боку аб магчымым павелічэнні бяспошлінных паставак. У верасні магчымы перагляд балансу», - адзначыў амбасадар.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках