Кубілюс прасоўваў літоўскі бізнэс і казаў пра правы чалавека
3- 29.06.2010, 8:36
Падчас візіту ў Менск прэм'ер-міністр Літвы сустрэўся і з уладамі, і з апазіцыяй.
Андрус Кубілюс сустрэўся з лідэрам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэем Саннікавым, першым кіраўніком незалежнай Беларусі, старшынём Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіславам Шушкевічам, былым палітвязнем Аляксандрам Казуліным, лідэрам кампаніі «Гавары праўду» Уладзімірам Някляевым, намеснікам старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраславам Раманчуком, лідэрам руху «За свабоду» Аляксандрам Мілінкевічам і іншымі палітыкамі і грамадскімі актывістамі.
«Падчас сустрэчы гаворка ішла пра сітуацыю ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў і мэты прыезду прэм'ер-міністра ў Менск. Андрус Кубілюс сказаў, што фармальная прычына яго візіту – адкрыццё гандлёвага цэнтра, тым не менш, ён правёў увесь комплекс сустрэчаў: з Лукашэнкам, Сідорскім, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і бізнэсмэнамі. Літоўскі прэм'ер адзначыў, што на сустрэчы з Лукашэнкам узнімаў пытанні свабоды слова і правоў чалавека. Абмяркоўваліся пытанні энергабяспекі і магчымасці эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Літвы. Мы ў сваю чаргу звярнулі ўвагу, што перад прэзідэнцкімі выбарамі сітуацыя з правамі чалавека ў краіне застаецца напружанай і нагадалі, што з 1 ліпеня набывае сілу ўказ аб інтэрнэце. Я ўзняў пытанне пра справу палітвязня Мікалая Аўтуховіча, адзначыўшы, што людзей трэба ратаваць з турмы. Прадстаўнікі праваабарончага цэнтра «Вясна» казалі пра наяўнасць на гэты момант, прынамсі, 8 палітвязняў і пераслед журналістаў», - заявіў пасля сустрэчы лідэр «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў.
Па словах палітыка, у яго склалася ўражанне, што прэм'ер Літвы «добра разумее, што ён не атрымае ў асобе Лукашэнкі надзейнага партнёра».
«Літоўскі досвед зусім іншы: у рэспубліцы дзейнічаюць законы, гарантаваная прыватная ўласнасць і абарона інвестыцыяў, што ў дыктатарскай Беларусі адсутнічае цалкам. У Кубілюса складаная задача: ён павінен, з аднаго боку, абараняць інтарэсы свайго бізнэсу і спрыяць яго прыходу ў іншыя краіны, у тым ліку і ў Беларусь, а з іншага боку ён з'яўляецца адным з кіраўнікоў краіны-чальца Еўразвяза. Дык вось, магу з упэўненасцю сказаць, што літоўскі бізнэс будзе такім жа безабаронным пры дыктатуры Лукашэнкі, як і ўласна беларускі», - адзначыў Саннікаў.
Лідэр «Еўрапейскай Беларусі» лічыць, што, безумоўна, варта высока ацаніць той факт, што прэм'ер-міністр Літвы адкрыта казаў на сустрэчы з Лукашэнкам пра парушэнні правоў чалавека.
«Такая пазіцыя выклікае павагу і дэманструе, што Літва не будзе займацца толькі «рэал-палітык» у дачыненні да нашай краіны», - заявіў Саннікаў.