20 красавiка 2024, Субота, 3:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэальная сярэдняя зарплата ў Беларусі - менш за 200 даляраў

35

Планы ўладаў па падвышэнні зарплаты - невыканальныя, большасць так і будзе атрымліваць мізэр.

Як разлічваюць сярэднюю зарплату ў Беларусі і дзе тыя людзі, якія яе зарабляюць, а таксама колькі беларусаў адчуе падвышэнне заробку да 500 даляраў - высвятляла «Еўрарадыё».

Да канца 2010 года ўлады абяцаюць беларусам сярэднюю зарплату ў 500 даляраў. Нагадаем, што зараз яна складае 370 даляраў. «Ці ведаеце вы, якая сярэдняя зарплата ў Беларусі, і ці зарабляеце яе самі?» - Такое пытанне задалі журналісты мінакам на вуліцы:

- Дакладна не памятаю ...

- Здаецца, 370 баксаў.

- Так, штосьці каля трохсот. Між трымастамі і чатырмастамі?

- Ведаю, што павінна дайсці да 500!

- А ваша зарплата больш за сярэднюю ці менш?

- Нашмат менш - можа, у тры разы.

- Калі браць сукупны даход, паколькі я працую на дзвюх працах, дык менш, а калі толькі дзяржаўную працу, дык вельмі далёка да гэтага сярэдняга ўзроўню.

Дзе ж гэтыя людзі, якія атрымліваюць сярэднюю зарплату? Эканаміст Сяргей Чалы патлумачыў сітуацыю «Еўрарадыё»:

«Так атрымліваецца, таму што размеркаванне даходаў па колькасці насельніцтва несіметрычнае. Гэта значыць вельмі маленькая колькасць людзей атрымлівае вельмі шмат, і наадварот - шмат людзей атрымліваюць маленькую зарплату. У выніку выходзіць, што сярэдні заробак атрымлівае адносна меншая колькасць насельніцтва. Прыкладна толькі 30% насельніцтва атрымліваюць больш за гэтую суму».

Звернемся да афіцыйнай статыстыкі. Паводле дадзеных Белстата, у 2009 годзе ад 500 тысячаў да 1 мільёна рублёў зараблялі 43,5% беларусаў. Сярэдні заробак тады быў якраз каля мільёна, распавёў прэс-сакратар Белстата Віктар Міхно.

«Ад 500 тысячаў і да мільёна зараблялі 43,5% ад усіх працаўнікоў. Ад мільёна да паўтарох - 21,1%, ад 1,5 мільёнаў да 2-х - 7,7%, ад 2-х мільёнаў да 3-х - 4,2%. Больш за 3 мільёны - 1,2%. Да 200 тысячаў - 1%. Вельмі бедных і вельмі багатых у нас не так і шмат».

Гэта лічбы за травень 2009 года. Па словах Міхно, такое даследаванне праводзіцца раз у два гады, паколькі яно дарагое. Наступнае будзе за травень 2011 года.

У сапраўднасці сярэдняя зарплата ў Беларусі роўная 600 тысячам, лічыць эканаміст Сяргей Чалы. А такія перакосы адбываюцца таму, што ў нас лічаць сярэднеарыфметычную зарплату, што мела сэнс толькі ў савецкія часы, калі людзі зараблялі аднолькава. Зараз жа трэба лічыць сярэднюю медыяльную зарплату, кажа эксперт:

«Медыяна - гэта калі ўзяць усё насельніцтва, якое атрымлівае грошы, і падлічыць роўна палову: палова будзе атрымліваць менш за гэтую суму, а палова - больш. Гэта ў сапраўднасці і ёсць сярэдняя зарплата. І ў нашых умовах яна паміж 600 і 700 тысячамі. А сярэдняя арыфметычная, што лічыць Белстат, пайшла яшчэ з савецкіх часоў, калі ў нас практычна не было размежавання насельніцтва па даходах. Тады гэта мела сэнс. А зараз гэтая «сярэдняя» - чыста арыфметычных сума, якая вялікага фізічнага сэнсу не нясе».

Ці рэальна дасягнуць сярэдняй зарплаты ў 500 даляраў да канца года? Сяргей Чалы лічыць, што гэта сапраўды магчыма, але 90% насельніцтва на сабе яе не адчуюць.

«У нас у сакавіку-траўні было прынята некалькі пастановаў урада, якія прысвечаныя таму, каб высокааплатным катэгорыям, асабліва менеджэрам, кіраўнікам прадпрыемстваў, літаральна ў разы павялічыць прэміраванне ў выніку выканання прагнозных паказчыкаў і г.д.

Фактычна сітуацыя дайшла да таго, што, замест таго, каб павышаць менавіта колькасць людзей, якія зарабляюць менш, чым у сярэднім, нашыя пачалі павялічваць даходы, якія атрымлівае абсалютная меншасць. Гэта значыць, насамрэч, вынік будзе такім жа - сярэдняя зарплата ў выніку зноў павялічыцца, але 90% насельніцтва на сабе гэтага не адчуе».

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках