Фінькевіч за Мілінкевіча
38- 11.07.2010, 16:42
10 ліпеня ў менскай управе Партыі БНФ прайшоў устаноўчы з'езд моладзевага руху «Маладая Беларусь».
З'езд пачаўся са спазненнем амаль на гадзіну ў сувязі з тым, што чакалі дэлегацыяў з трох абласцей – Берэсцейскай, Магілёўскай і Гарадзенскай – якія так і не змаглі прыехаць у Менск. Абраны лідэрам Артур Фінькевіч адзначыў, што ў наступны раз будуць прымацца меры для большай канспірацыі. Упершыню стваральнікі руху падаюць дакументы на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі, паведамляе «Радыё Свабода».
«З юрыдычнага пункту гледжання няма ніякіх падставаў, каб нас не зарэгістраваць. Усе дакументы ў нас у парадку. А там ужо пытанне будзе прымацца на іншым узроўні. Гэтае пытанне палітычнае, таму я асаблівых ілюзіяў не маю», - адзначыў Фінькевіч.
Дэлегаты прынялі зварот да «Міжнароднай амністыі» з заклікам прызнаць вязнем сумлення свайго паплечніка Алега Сургана, які адбывае пакаранне ў Глыбокім.
Таксама дэлегаты вырашылі падтрымаць Аляксандра Мілінкевіча ў якасці кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах, які маюць адбыцца. Большасць актывістаў «Маладой Беларусі» плануе працаваць у яго выбарчых штабах, адзначыў Фінькевіч.

На з'ездзе прысутнічаў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан