19 траўня 2024, Нядзеля, 2:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Коммерсант»: Беларусь і Сірыя хаваюць зброю ў аўтобусах

16

Ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва Беларусі і Сірыі маскіруецца эканамічным.

Прэзідэнт Сірыі Башар Асад учора завяршыў двухдзённы візіт у Беларусь, падпісаўшы шэраг пагадненняў аб двухбаковым супрацоўніцтве. У прыватнасці, Менск плануе наладзіць у Сірыі зборку гарадскіх аўтобусаў МАЗ. Дамоўленасці аб развіцці ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва засталіся па-за кадрам, хаця вядома, што Сірыя з'яўляецца адным з галоўных пакупнікоў беларускай зброі. Толькі з пачатку цяперашняга года бакі абмяняліся некалькімі дэлегацыямі, якія абмяркоўвалі тэматыку ВТС. Гэта выклікае сур'ёзны непакой на Захадзе, дзе адносяць Сірыю да краінаў, якія падтрымліваюць тэрарызм, паведамляе Коммерсант у артыкуле пад загалоўкам «Беларусь і Сірыя хаваюць зброю ў аўтобусах».

«У апошні час мы значна прасунуліся ў гандлёва-эканамічнай і палітычнай сферах, але гэта нішто ў параўнанні з тым, што мы зможам зрабіць,— заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы са сваім сірыйскім калегам Башарам Асадам.— Калі Сірыю зацікавіць штосьці ў Беларусі, дык мы гатовыя працаваць па гэтых кірунках».

Сірыйцаў ужо зацікавілі гарадскія аўтобусы Менскага аўтазавода. Падчас перамоваў было вырашана наладзіць зборку аўтобусаў з беларускіх запчастак на тэрыторыі Сірыі. Бакі падпісалі таксама пагадненні аб супрацоўніцтве ў сферы вышэйшай адукацыі, сельскай гаспадаркі і нават у галіне дыстанцыйнага зандавання Зямлі. Аднак назіральнікі лічаць апублікаваныя дамоўленасці толькі дадаткам і адначасова «прыкрыццём» кантрактаў, якія прыносяць Беларусі рэальныя грошы, а менавіта — пагадненняў аб продажы зброі.

Апошнія месяцы азначаліся сур'ёзнай актывізацыяй на гэтым накірунку. Бакі абмяняліся некалькімі дэлегацыямі, якія займаліся абмеркаваннем тэматыкі ВТС, у тым ліку на ўзроўні кіраўнікоў МЗСаў. А 25-30 красавіка ў Дамаску прайшло паседжанне сумеснай сірыйска-беларускай камісіі па ваенным супрацоўніцтве. Як паведамілі тады сірыйскія СМІ, па выніках паседжання бакі «прыйшлі да пагаднення па ўсіх пытаннях супрацоўніцтва паміж ваенна-прамысловымі комплексамі і ўзброенымі сіламі дзвюх краінаў».

На думку экспертаў, Дамаск мае намер працягнуць закупкі ў Беларусі стралковай зброі, мінамётаў і боепрыпасаў, уключаючы рэактыўныя снарады. «Пасля распаду СССР у Беларусі засталіся значныя запасы ваеннай тэхнікі і рыштунку, складаваныя на выпадак вайны з НАТА,— патлумачыў «Ъ» дырэктар Цэнтра аналізу сусветнага гандлю зброяй Ігар Каротчанка.— Менску такая колькасць зброі без патрэбы, і яна працягвае актыўна распрадавацца». Як паведаміў «Ъ» дырэктар Цэнтра аналізу стратэгіяў і тэхналогіяў Руслан Пухаў, Сірыя праяўляе цікавасць і да прадукцыі Менскага заводу колавых цягачоў, а таксама хацела б выкарыстоўваць патэнцыял беларускіх абаронных прадпрыемстваў для рамонту і мадэрнізацыі ваеннай тэхнікі савецкай вытворчасці. Эксперты лічаць, што Дамаск збіраецца працягнуць закупкі ў Беларусі авіяцыйнай тэхнікі. З апошніх важных двухбаковых кантрактаў у рэгістры ААН па звычайных узбраеннях значыцца, што ў 2008 годзе Беларусь паставіла ў Сірыю 33 знішчальнікі МіГ-23.

Тым часам цеснае ваеннае супрацоўніцтва Менска з Дамаскам выклікае ўстойлівае раздражненне на Захадзе, дзе Сірыю адносяць да краінаў, якія падтрымліваюць тэрарызм. У ЗША і Ізраілі заяўляюць пра наяўнасць неабвержных сведчанняў таго, што з Сірыі частка зброі, якая закупляецца рэжымам Башара Асада, перапраўляецца баявікам ліванскай радыкальнай групоўкі «Хэзбала». Усяго паўгады таму кангрэс ЗША прыняў акт аб ўліку беларускіх паставак зброі. Дакумент абавязаў дзярждэпартамент ЗША штогод інфармаваць кангрэс пра «аб'ёмы і механізмах экспарту ўзбраенняў і спадарожных паслугаў урадам Беларусі і беларускімі прадпрыемствамі, уключаючы даходы ад такіх пагадненняў». У гэтай сувязі цяперашняя паездка сірыйскага лідэра ў Менск можа сур'ёзна пагоршыць і без таго няпростыя стасункі Менска з Захадам.

Мабыць, разумеючы гэта, Аляксандр Лукашэнка паклапаціўся пра тое, каб ваенны складнік візіту застаўся па-за кадрам, робячы ўпор на супрацоўніцтве ў мірных сферах. Яму старанна падыгрываў прэзідэнт Сірыі, якая, гэтак жа як і Беларусь, спрабуе выйсці з міжнароднай ізаляцыі і для якой таму так важнае сяброўства з Менскам. Развіваючы поспех, Башар Асад зрабіў нечаканую заяву — ён заявіў пра жаданне Дамаска далучыцца да Мытнага саюза. «Мы хочам вашай падтрымкі ў пытанні далучэння да зоны свабоднага гандлю Беларусі, Расеі і Казахстана, бо гэта будзе спрыяць развіццю гандлёва-эканамічных стасункаў Сірыі з усімі трыма краінамі»,— сказаў спадар Асад.

"Ніякіх юрыдычных перашкодаў для ўступлення Сірыі ў Мытны саюз няма. Але такая заяўка, зразумела, павінна стаць прадметам вельмі стараннага аналізу",— заявіў у гэтай сувязі "Ъ" прэс-сакратар прэм'ера РФ Дзмітры Пяскоў. Зрэшты, эксперты мяркуюць, што на практыцы гэта мала ажыццяўляльна, прынамсі ў агляднай будучыні. Бо для далучэння да Мытнага саюза краіна павінна спачатку стаць чальцом ЕўрАзЭС і для гэтага прывесці сваё заканадаўства ў розных сферах у адпаведнасць са статутам гэтага аб'яднання, а гэта доўгі і складаны працэс.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках