Зяленскі: Украіна гатовая спыніць агонь на лініі судакранання і перайсці да перамоваў
2- 29.11.2026, 11:47
Гэта вельмі вялікі кампраміс.
Украіна гатовая прыпыніць агонь па цяперашняй лініі фронту і перайсці да мірных перамоваў з Расіяй.
Пра гэта прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў у інтэрв'ю Al Jazeera.
«Мы гатовыя да такіх крокаў — застацца і спыніцца там, дзе мы стаім. Мы гаворым пра спыненне агню на лініі судакранання», — сказаў Зяленскі.
Паводле яго слоў, гэта вельмі вялікі кампраміс.
«Мы разумеем, што ён (расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін — рэд.) не хоча сыходзіць з нашай зямлі. Менавіта таму мы кажам: добра, спынімся тут і перайдзем да дыпламатыі», — патлумачыў прэзідэнт Украіны.
Каментуючы ролю Злучаных Штатаў, Зяленскі адзначыў, што ў прэзідэнта Дональда Трампа ёсць дастаткова паўнамоцтваў згодна з Канстытуцыяй ЗША для прадаўжэння намаганняў па ўрэгуляванні.
«Таму я спадзяюся, што ён працягне шукаць спосаб, як завяршыць гэтую вайну, але не толькі праз сітуацыю, калі за гэта павінна плаціць Украіна, бо гэта няправільна», — падкрэсліў кіраўнік Украіны.