10 чэрвеня 2026, Серада, 5:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Малы бізнэс хоча вызваліцца ад чынавенскага рэкету

3

Пытанне карупцыі было ўзнятае на прэс-канферэнцыі ў Менскам сталічным саюзе прадпрымальнікаў і працадаўцаў (МССПІП).

Паводле звестак пракуратуры, летась выяўленая шкода па карупцыйных злачынствах склала 53 млрд. рублёў, а памер рэальных стратаў эканомікі ў разы вышэй.

«Тое, што мы назвалі праблему, не азначае, што мы яе вырашылі. Мноства праблемаў датычыць непасрэдна праваўжывальнай практыкі, - лічыць Уладзімір Карагін, старшыня ГА «МССПІП», старшыня прэзідыума СЮА «РКП». - У адпаведнасці з даследаваннямі Сусветнага банка на першае месца сярод праблемаў прадпрымальнікаў выйшлі скаргі на неаб'ектыўнасць судоў, адсунуўшы іншыя надзённыя праблемы».

Праблемы ўзнікаюць паўсюль, дзе бізнэс залежыць ад чыноўніка, і такіх кропак кантакту пакуль яшчэ занадта шмат, піша «Аглядальнік».

У краіне няма антыманапольнага органа, які даследаваў бы паводзіны ўдзельнікаў рынка. Яго адсутнасць - пажыўнае асяроддзе для карупцыі.

Парушаная здаровая расстаноўка сілаў у бізнэс-асяроддзі, няма роўнай аддаленасці прадпрымальнікаў ад улады. Таму пытанні вырашаюцца ў лазні… Хабары павялічваюць крэдытныя рызыкі, адпужваюць патэнцыйных інвестараў, пазбаўляюць прадпрымальнікаў імкнення да легальнай эканамічнай дзейнасці. «Прыкладам можа служыць сітуацыя з аўтабізнэсам, які складае сёння 26 адсоткаў паслугаў прыватнага сектара эканомікі, - распавядае Уладзімір Карагін. - Дробны бізнэс гучна кажа: «Вызваліце нас ад чынавенскага рэкету».

Праблема заканадаўства зноў усплывае ў разрэзе недакладных фармулёвак і размытых тэзаў. Для чыноўнікаў «вектар палітыкі» - рэч далёка не відавочная. Таму і з'яўляюцца такія абсурдныя сітуацыі, як тая, якая склалася з электронным дэклараваннем падаткаў.

Першапачаткова праграма была распрацаваная якраз з мэтай максімальна скараціць кантакт чыноўніка з прадпрымальнікам, а вылілася ўсё ў сапраўдную праблему. Справа ў тым, што прадпрымальнік не можа проста адправіць дэкларацыю па электроннай пошце. Ён абавязаны выкарыстоўваць спецыяльны праграмны прадукт, штомесячная аплата за які складае каля 300 тыс. рублёў. Прычым канкрэтная сума залежыць ад рэгіёна. Напрыклад, у Магілёўскай вобласці супрацоўнікі падатковай нават дашлі да патрабаванняў дадатковага набыцця паперы - «каб раздрукоўваць справаздачы».

Асабліва актыўны ў Беларусі такі від карупцыйнай дзейнасці, як «адкаты». Намеснік начальніка аддзела па наглядзе за аператыўна-вышуковай дзейнасцю і расследаваннем справаў аб карупцыі Упраўлення па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генпракуратуры Аляксандр Казлоў паведаміў, што памер «адкату» вагаецца ў залежнасці ад ступені рызыкі чыноўніка. Ад вызначанага адсотка ад пагаднення да фіксаванай сумы - і можа дасягаць некалькіх сотняў тысячаў даляраў. Такая сістэма дзейнічае амаль ва ўсіх сферах: пры правядзенні тэндэраў, заключэнні дамоваў, атрыманні крэдыту.

Таксама, паводле дадзеных КДБ, МУС, пракуратуры, вельмі распаўсюджаныя хабары для адкрыцця бізнэсу. Прычым у выніку гэтыя выдаткі кладуцца на спажыўцоў. «Па заканадаўстве ўключаць хабары ў бізнэс-план нельга, але практычна так яно і адбываецца, - тлумачыць Аляксандр Казлоў. - Для прадпрымальніка гэта ўсяго толькі дадатковыя выдаткі, якія ён уключыць у канчатковы кошт, а такіх праектаў дзясяткі. У выніку адбываецца прыгнёт нацыянальнай эканомікі».

«На жаль, прадстаўнікі бізнэсу звяртаюцца ў пракуратуру толькі тады, калі не могуць дамовіцца паміж сабой. Гэта адзінкавыя выпадкі, - звяртае ўвагу Аляксандр Казлоў. - Сёння праваахоўныя органы здольныя забяспечыць таямніцу і прыняць неабходныя меры абароны. Тым не менш, падобныя факты не носяць масавага характару. Хоць менавіта такім спосабам былі выяўленыя не толькі асобныя факты карупцыі, але і цэлыя каналы. Ва ўсіх выпадках былі заведзеныя крымінальныя справы і вынесеныя рашэнні суда».

«Людзі баяцца, што праваахоўныя органы ўсё «спусцяць на тармазах», што-небудзь не дакажацца і сам прадпрымальнік апынецца крайнім, - кажа начальнік юрыдычнага аддзела МССПІП Вадзім Барадуля. - Адзінае, што могуць зрабіць саюзы, - звярнуцца ў пракуратуру, але тут ужо сам чалавек адмаўляецца ад гэтага са страху страціць бізнэс».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках