Ежы Бузек: Дэмакратыя - не п'еса для дыктатара
10- 22.09.2010, 14:41
Выбары ў Беларусі падобныя да насмешкі з дэмакратыі, лічыць прэзідэнт Еўрапарламента.
Кіраўнік Еўрапарламента Ежы Бузек лічыць, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі 19 снежня 2010 года стануць «вырашальнай» падзеяй, якая «вызначыць будучы напрамак адносінаў Еўразвяза з Беларуссю», перадае «Радыё Свабода».
У заяве, зробленай сёння ў Страсбургу, Бузек вітаў той факт, што Беларусь запрасіла на выбары назіральнікаў з Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ. Ён нагадаў, для таго каб выбары лічыліся сумленнымі і дэмакратычнымі, беспярэчна павінны быць выкананыя рэкамендацыі Бюро.
«Беларускім уладам неабходна забяспечыць роўныя правілы гульні для ўсіх кандыдатаў. Гэта тычыцца мераў адносна ўмоваў рэгістрацыі кандыдатаў, прадстаўніцтва апазіцыі ў выбарчых камісіях усіх узроўняў, сумленнасці датэрміновага галасавання і празрыстасці падліку галасоў», - заявіў Ежы Бузек.
Кіраўнік Еўрапарламента выказаў занепакоенасць станам свабоды прэсы ў Беларусі і заклікаў улады забяспечыць усім кандыдатам роўны доступ да ўсіх СМІ ў краіне і спыніць запалохванне і пераслед незалежных журналістаў.
«На жаль, апошнія выбары ў Беларусі мала чым адрозніваліся ад насмешкі з дэмакратыі. Дэмакратычныя працэсы не адбываюцца такім спосабам: дэмакратыя - гэта не пастаноўка п'есы, у якой дыктатар і акцёры дзейнічаюць паводле сцэнару», - заявіў кіраўнік Эўрапарламента.
«Я заклікаю дэмакратычныя сілы краіны аб'яднаць свае намаганні, каб даць магчымасць сапраўднага выбару беларускім выбаршчыкам», - дадаў кіраўнік Еўрапарламента.