26 красавiка 2024, Пятніца, 22:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У ААН жорстка крытыкуюць беларускі рэжым

13
У ААН жорстка крытыкуюць беларускі рэжым

Кожны дзень на сесіі Савета ААН па правах чалавека гучыць крытыка ў адрас беларускіх уладаў.

У Жэневе працягваецца 15-я сесія Савета ААН па правах чалавека. У першы ж дзень, 13 верасня, Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Наванетам Пілай (Navanethem Pillay) пакрытыкаваў Беларусь за становішча з правамі недзяржаўных арганізацый, перадае «Еўрарадыё». 17-га верасня крытыка ў бок нашай краіны працягнулася. Прадстаўнік Бельгіі Алекс ван Мэувен (Alex Van Meeuwen) ад імя Еўразвязу адзначыў:

«Еўразвяз спадзяецца, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць без парушэнняў правоў чалавека, асабліва права на свабоду слова і грамадскіх аб'яднанняў. Еўразвяз таксама заклікае беларускія ўлады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне».

Акрамя Беларусі, краіны, на сітуацыі з правамі чалавека ў якіх спыніўся Алекс ван Мэувен, сталі Іран, Бахрэйн, Судан, Самалі, М'янма, Паўночная Карэя і Кітай.

Прадстаўнікі дзяржаў з самымі высокімі стандартамі дэмакратыі і правоў чалавека ў свеце - Нарвегія і Швецыя - таксама са шкадаваннем казалі пра становішча з правамі чалавека ў Беларусі.

Прадстаўнік Нарвегіі Гейр С’ёберг (Geir Sjøberg): «Мы падзяляем занепакоенасць Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека адносна сітуацыі ў Беларусі. Удзельнікі грамадзянскай супольнасці, у тым ліку праваабаронцы, рэлігійныя абшчыны, СМІ, палітычныя партыі па-ранейшаму маюць абмежаванні для сваёй легітымнай дзейнасці».

Гейр С’ёберг асобна адзначыў, што павага да правоў чалавека - асноўная ўмова для паглыблення адносін Беларусі з еўрапейскай супольнасцю.

Прадстаўнік Ян Кнутсан (Jan Knutsson): «Нядаўнія інцыдэнты ў Беларусі выклікаюць шкадаванне. Яны сведчаць пра цяжкую сітуацыю для праваабаронцаў і для журналістаў, што праводзяць расследаванні».

Беларуская дэлегацыя скарысталася сваім правам адказаць на крытыку. Прадстаўнік Пастаяннай місіі Беларусі пры ААН Андрэй Таранда адзначыў:

«Мы хацелі б заклікаць дэлегацыю Нарвегіі адмовіцца ад інтэрпрэтацыйных заяваў па выступе Вярхоўнага камісара, якія яна агучвае з мэтай легітымізацыі сваёй занепакоенасці».

У якасці контраргументаў на крытыку аб прыгнёце рэлігійных свабодаў і права на стварэнне аб'яднанняў Андрэй Таранда прывёў лічбы зарэгістраваных рэлігійных суполак і грамадзкіх арганізацый у цэлым.

На крытыку аб праве на свабоду слова, становішча журналістаў і праваабаронцаў беларуская дэлегацыя не адказала зусім.

Нагадаем, паводле вынікаў 8-й працоўнай сесіі Універсальнага перыядычнага агляду, які прайшоў у траўні, замежныя ўрады сфармулявалі для Беларусі 93 рэкамендацыі па паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека.

Па найбольш прынцыповым з іх беларуская дэлегацыя выкажацца 23 верасня і скажа, ці будзе іх выконваць. Сярод гэтых рэкамендацый - скасаванне артыкула аб крымінальнай адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый, увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне, ратыфікацыя шэрагу міжнародных пагадненняў.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках