10 чэрвеня 2026, Серада, 4:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чыноўнік Менгарвыканкама браў хабар грашыма і інтымнымі паслугамі

19

У Менску чыноўнік за сваю дапамогу патрабаваў ад наведвальнікаў мужчын хабар грашовы, а ад жанчын - інтымныя паслугі.

У Менску чыноўнік, які адказвае за жыллёвую палітыку выканкама, за сваю дапамогу патрабаваў ад наведвальнікаў мужчын хабар (дарагія мабільныя тэлефоны, грашовыя сумы ў некалькі тысяч даляраў), а ад жанчын - інтымныя паслугі. Пра гэта распавёў намеснік начальніка ГУБЭЗ КМ МУС начальнік трэцяга ўпраўлення падпалкоўнік міліцыі Андрэй Паршын, піша «Тэлеграф».

Паводле словаў Андрэя Паршына, карупцыю выявілі таксама сярод служачых дзяржаўнай установы «Камандна-інжынерны інстытут МНС РБ». Супрацоўнік, упаўнаважаны на закупку спартыўнай экіпіроўкі для каманд МНС, паставіў індывідуальнага прадпрымальніка, які выйграў тэндар, перад фактам: альбо дае хабар, альбо ад яго паслуг адмаўляюцца. У выніку прыватнік быў вымушаны заплаціць каля дзесяці мільёнаў рублёў, піша газета «На варце».

«У іншым выпадку службовыя асобы Мінбудархітэктуры і аднаго з падначаленых прадпрыемстваў шляхам афармлення фіктыўных дамоваў падраду на выкананне розных работ выкрадалі сродкі Дзяржаўнага фонду будаўнічай навукі ведамства. Грошы ішлі на дарагія машыны, бытавую тэхніку, кватэры. Агульная сума выкрадзенага склала 1,2 млрд. рублёў», - дадаў Паршын.

Вялікую шкоду бюджэту нанеслі службовыя асобы і заснавальнікі прадпрыемстваў «Славін» і «Фрутреал», якія, аб'яднаўшыся ў злачынную арганізацыю, выкарыстоўвалі незаконную схему па ўхіленні ад выплаты мытных плацяжоў, падаткаў, збораў. Зламыснікі заніжалі кошт садавіны ў дакументах, якія падлягаюць мытнаму дэклараванню. Таксама злачынцы схавалі частку імпартаванага тавару, які затым прадалі праз сетку сваіх філіялаў. У выніку сума нясплочаных мытных плацяжоў склала 50 млрд. рублёў, большая частка з якіх кампенсаваная.

На думку Паршына, для эфектыўнай барацьбы з карупцыяй неабходна актыўна выкарыстоўваць такі інструмент, як аператыўны эксперымент. «Трэба пашырыць межы яго прымянення на падставе першаснай інфармацыі, а ў выпадку дасягнення мэты - ужываць у дачыненні да службовых асоб адміністрацыйную адказнасць і адхіленне ад пасады пры адсутнасці іншых дадатковых фактаў іх супрацьпраўнай дзейнасці. Дадзеная акалічнасць спрыяла б як прафілактыцы, так і непазбежнасці пакарання, так як яе жорсткасць за карупцыйныя злачынствы, як бачым на прыкладзе таго ж Кітая, не дазваляе казаць аб выкараненні карупцыі або зніжэнні яе праяў», - адзначыў намеснік начальніка ГУБЭЗ МУС.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках