29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сардэчна запрашаем у «Еўропу»: КДБ чакае на вас

178
Сардэчна запрашаем у «Еўропу»: КДБ чакае на вас

Пяцізоркавы гатэль «Еўропа» у цэнтры Менска на поўнай падставе можна называць самым празрыстым гатэлем у Еўропе.

Падрабязнасцямі сачэння за пастаяльцамі і арыгінальнымі паслугамі, якія аказваюць супрацоўнікі КДБ замежным гасцям, з charter97.org падзяліўся адзін з працаўнікоў гатэля.

Па старой савецкай традыцыі ў гасцініцу такога ўзроўню патрапіць на працу без пратэкцыі спецслужбаў немагчыма. Таму тымі ці іншымі адносінамі з КДБ звязаныя практычна ўсе працаўнікі - ад дырэктара да пакаёвак. Каардынуе ідэалагічную і вярбовачнае працу «кадравік» Кукаркін В.Б., які збірае інфармацыю на працаўнікоў гатэля і праз працаўнікоў на сваіх калегаў.

Асаблівую ролю выконваюць супрацоўнікі службы бяспекі. Гэта начальнік аховы палкоўнік Клепча Г.Н., былы начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС Беларусі і намеснік начальніка аховы палкоўнік Рачэеў С.В., былы начальнік крымінальнага вышуку Менскай вобласці.

Менавіта гэтыя людзі каардынуюць працу па праслухоўцы пастаяльцаў і арганізацыі доступу супрацоўнікаў КДБ да нумароў, камунікацый і іншай інфармацыі.

Як паведамляе крыніца charte97.org, усе нумары гатэля цалкам праслухоўваюцца. Апаратура сачэння знаходзіцца ў адным з пакояў наўпрост у гатэлі на трэцім паверсе. Акрамя гэтага, калі ў гатэлі спыняюцца асабліва важныя госці, у двор падганяецца спецыяльны аўтобус з апаратурай для дадатковага маніторынгу тэлефанаванняў па сотавым тэлефоне.

Асаблівую цікавасць у беларускіх спецслужбаў выклікаюць грамадзяне Польшчы і Германіі. За пастаяльцамі з гэтых краін вядзецца адмысловае назіранне, да іхняга прыезду рыхтуюцца загадзя: фіксуюцца, у тым ліку і на відэа, усе кантакты, сустрэчы. Відэазапіс вядзецца не толькі ў калідорах гатэля, але і ў некаторых нумарах. Схаваныя камеры мантуюцца ў мэблю, таршэры і плазменныя тэлевізары.

У звязку з аховай і спецслужбамі працуюць «дзяўчынкі па выкліку», якія спецыяльна падрыхтаваныя для атрымання неабходнай інфармацыі. Як адзначае наша крыніца, да такой працы прыцягваюць і даволі вядомых, публічных персон, журналістак афіцыйных СМІ. Нетрадыцыйныя паслугі дзяўчат прапануюць самі ахоўнікі гасцініцы, пры гэтым ад дзяўчат наўзамен патрабуецца толькі збіраць інфармацыю, грошы яны могуць пакінуць сабе.

Асаблівая ўвага ў «Еўропе» надаецца сачэнню за Інтэрнэтам. У гасцініцы працуе ўласная WiFi-сетка, праз якую адміністратары збіраюць усё, што атрымліваюць або адпраўляюць пастаяльцы: лагіны, паролі, файлы, што перасылаюцца, адрасы рэсурсаў, на якія заходзяць наведвальнікі, MAC-адрасы кампутараў. Каардынуе збор інфармацыі адміністратар Аляксей, сакрэтны супрацоўнік КДБ. Ягоны кабінет знаходзіцца на чацвёртым паверсе гатэля, там жа размяшчаецца серверная, дзе акумулюецца сабраная інфармацыя.

Нагадаем, у гатэлі «Еўропа» спыняліся дэлегацыі заходніх палітыкаў, назіральнікаў на выбарах, вядомыя журналісты, музыкі, сябры місій МВФ і іншых міжнародных арганізацый. У гэтай сувязі камічна выглядае раздзел на афіцыйным сайце гатэля «Палітыка канфідэнцыяльнасці», дзе наведвальнікаў запэўніваюць, што гатэль прадпрымае ўсе меры для абароны прыватнага жыцця кліентаў.

Напісаць каментар 178

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках