Прэм’ер Іспаніі Санчэс публічна папрасіў прабачэння ў Макрона
- 30.09.2026, 21:48
ФОТА: REUTERS
Раней Сенат Іспаніі адхіліў Дагавор аб сяброўстве і супрацоўніцтве паміж дзвюма краінамі.
Падчас афіцыйнага візіту прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона у Іспанію прэм’ер-міністр краіны Педра Санчэс папрасіў прабачэння за тое, што Сенат адхіліў Дагавор аб сяброўстве і супрацоўніцтве паміж дзвюма краінамі. Гэтая заява прагучала на сумеснай прэс-канферэнцыі лідараў у Мадрыдзе.
«Я магу толькі папрасіць прабачэння за ўчорашняе галасаванне па дагаворы ў Сенаце», — прыводзіць словы прэм’ер-міністра Іспаніі турэцкае інфармацыйнае агенцтва «Анадолу».
Дагавор, падпісаны ў студзені 2023 года ў Барселоне, накіраваны на ўмацаванне двухбаковага супрацоўніцтва. Ён мае пераважна сімвалічны характар, аднак быў адхілены пры галасаванні ў Сенаце, дзе апазіцыйная Народная партыя большасцю галасоў выступіла супраць аднаго з яго палажэнняў, якое дазваляе міністрам адной краіны ўдзельнічаць у пасяджэннях урада іншай краіны.
Іспанія і Францыя падтрымліваюць адны з самых трывалых двухбаковых эканамічных адносін у Еўрапейскім саюзе, паведамляе іспанская газета ElMundo. Гандаль таварамі і паслугамі перавышае € 130 млрд, што на 26% больш, чым сем гадоў таму. Францыя з’яўляецца асноўным рынкам збыту для Іспаніі, а Іспанія ўваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых гандлёвых партнёраў Францыі, сцвярджае выданне са спасылкай на даныя Міністэрства эканомікі. Аб’ём двухбаковых інвестыцый перавышае €100 млрд у абодвух напрамках, пры гэтым больш за 800 іспанскіх кампаній працуюць у Францыі, а амаль 3000 французскіх кампаній зарэгістраваныя ў Іспаніі.