2 чэрвеня 2024, Нядзеля, 15:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У парку Дружбы народаў таксама высякуць дрэвы? (Фота)

30

Больш за 100 дрэў могуць высечы дзеля будаўніцтва стадыёна.

Чарговы «зялёны» канфлікт зараджаецца ў Менску. На гэты раз высечка старых дрэў пагражае парку Дружбы народаў. У раёне перасячэння вуліц Багдановіча і Кульман кампанія «Фарэвер Спорт» мае намер узвесці спартыўны цэнтр - футбольнае поле з трыбунай на 2000 гледачоў і паркоўкай. Рэалізацыя праекта запатрабуе высечкі не менш за 100 зялёных насаджэнняў, але ў менчукоў ёсць яшчэ два тыдні, каб прадухіліць будоўлю, піша onliner.by.

Прэзентацыя праекта адбылася ўчора вечарам у актавай зале школы №28. Са слоў прадстаўнікоў адміністрацыі Савецкага раёна, ТАА «Фарэвер Спорт» звярнулася ў Менгарвыканкам для атрымання дазволу на будаўніцтва грамадска-спартыўнага цэнтра ў парку Дружбы народаў, а размяшчэнне аб'ектаў такога тыпу ў ландшафтна-рэкрэацыйных зонах не супярэчыць заканадаўству. Аднак перш за ўсё праект павінен прайсці працэдуру грамадскага абмеркавання.

Грамадска-спартыўны цэнтр - гэта поле стандартных памераў са штучным пакрыццём, асвятленне, трыбуна з падстрэшкам на 2000 глядацкіх месцаў. У падтрыбунным памяшканні запраектаваны памяшканні для футбольнай школы, распранальні, душавыя, крама спартыўных тавараў і кафэ. З боку вуліцы Багдановіча будзе створана паркоўка на 170 машын.

Цяпер гэтая тэрыторыя выглядае так.

Але на гэтым месцы замест дрэў можа з'явіцца стадыён. Эскізная прапанова.

- Мы працуем пад эгідай Беларускай федэрацыі футбола, праект мае на мэце развіваць у Менску дзіцячы футбол, а сама спортшкола будзе бясплатнай. Гэта адна з умоў будаўніцтва. Хутчэй за ўсё, навучанне будзе весціся па іспанскай альбо галандскай методыцы, з гэтым мы пакуль не вызначыліся, - адзначыў прадстаўнік кампаніі «Фарэвер Спорт».

Людзей, якія сабраліся ў зале (на сустрэчу прыйшло ўсяго каля дзесяці мясцовых жыхароў), цікавіла, чаму абрана менавіта гэтае месца. Людзі перажываюць за знос дрэў і асцерагаюцца шуму з трыбун.

- Мы вывучылі іншыя зялёныя зоны Менска: парк Дружбы народаў - адзіны ў горадзе, які пакуль не мае спартыўнага складніка, - быў дадзены адказ. - Забяспечанасць такімі будынкамі ў Менску катастрафічна нізкая. Ці не таму нашы футбалісты дэманструюць настолькі невыразную гульню?

- Але ў парку Горкага і парку Чалюскінцаў спартыўныя пляцоўкі аддаленыя ад жылых дамоў, а вы хочаце размясціць трыбуну практычна пад нашымі вокнамі, - абурыліся людзі. - І потым, вуліца Багдановіча - адна з самых небяспечных у плане экалогіі. Высечка дрэў - не ў інтарэсах жыхароў.

- Вашы аргументы супраць дзяцей? - паспрабаваў запярэчыць прадстаўнік «Фарэвер Спорт».

- Мы не супраць дзяцей, не супраць стадыёна, але прапануем пабудаваць яго ў іншым месцы, - канкрэтызавалі пазіцыю жыхары.

Па словах заказчыка, месца падабрана аптымальнае: у іншых частках парка больш багністыя глебы, там будаўніцтва немагчыма. Акрамя таго, скрыжаванне Багдановіча і Кульман - добрая тэрыторыя ў плане транспартнага забеспячэння. Ссечаныя дрэвы людзям паабяцалі кампенсаваць новымі пасадкамі ў іншых частках парку і правесці добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.

Разам з тым спецыяліст экалагічнага аддзела «Менскграда», якая прысутнічала на прэзентацыі ў якасці жыхара раёна, аўтарытэтна заявіла: дадзенае скрыжаванне - самы неспрыяльны ўчастак для будаўніцтва з меркаванняў экалогіі, а адкрытае спартыўнае збудаванне немінуча створыць дадатковы шумавы дыскамфорт.

- Гэта адзіная крыніца жыцця ў раёне, знішчаць якую нельга! - заступіліся за парк пенсіянеры.

- Плошча паўднёвай частцы парку складае 22 гектара, мы забярэм ўсяго толькі 1,32 гектара, - рушыў услед адказ.

Дарэчы, пакуль у любога жыхара Менска ёсць магчымасць выказаць сваё меркаванне з нагоды праекту - пагадзіцца з яго рэалізацыяй альбо пакінуць крытычны водгук. Пісьмовыя заўвагі будуць прымацца да 29 кастрычніка. Спецыяльная скрыня для іх устаноўлена ў холе сярэдняй школы №28 (вуліца Багдановіча, 76). Акрамя таго, ліст з пазнакай «грамадскае абмеркаванне» можна адправіць у адміністрацыю Савецкага раёна (вуліца Дарашэвіча, 8).

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках