12 кастрычнiка 2024, Субота, 3:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ермакова: Патрэбныя грошы для выплаты запазычанасцяў

112
Ермакова: Патрэбныя грошы для выплаты запазычанасцяў

Нацбанк гатовы пазычаць грошы пад вялікі і нявыгадны адсотак.

«Дарагія грошы мы браць не будзем. У нас у 2013 годзе ёсць праблемы ў тым, што трэба вялікія сумы сплачваць. Таму калі роўд-шоу будзе дадатным, то мы будзем выпускаць аблігацыі», - заявіла Надзея Ермакова ў інтэрв'ю Reuters.

«Хаця б 7,5%», - вызначыла яна прымальны для Беларусі максімальны ўзровень прыбытковасці.

Як паведамлялася, Беларусь шукае магчымасці размяшчэння еўрабондаў у суме 500-600 млн долараў на рынках Паўднёва-Усходняй Азіі (Сінгапур, Ганконг). Для гэтага 27-30 лістапада прадстаўнікі Мінэканомікі, Мінфіна і Нацбанка Беларусі прымаюць удзел у non-deal роўд-шоу беларускіх аблігацый. Арганізатарамі прэзентацыі выступілі расійскія дзяржбанкі - ВТБ і Сбербанк. Варта адзначыць, што абодва яны блізкія да Уладзіміра Пуціна, піша «Наша Нiва».

7,5% - гэта шмат ці мала? Да прыкладу, Нямеччына мае аблігацыі, пазычае грошы пад 2-2,5%, Польшча - пад 3,5-4%, Літва - пад 4-4,5%.

Прыбытковасць 7,5% - гэта адсотак, пад які пазычала грошы Грэцыя напярэдадні свайго крызісу, увесну 2010 года. Гэта вялікі, нявыгадны працэнт. Мабыць, Ермакова невысока ацэньвае шанцы Беларусі атрымаць новы крэдыт ад Міжнароднага валютнага фонду і не чакае значных даходаў ад прыватызацыі, калі агучвае такія высокія стаўкі.

Праўда, у 2010 годзе Беларусь пазычала праз еўрабонды яшчэ вышэйшымі стаўкамі, аж пад 8,25-8,75%. Тады краіне патрабаваліся грошы для перадвыбарных выдаткаў. Але ў параўнанні з 2010 годам цяпер фінансавая статыстыка краіны лепшая, а золатавалютныя рэзервы выраслі ў выніку продажу «Белтрансгазу».

У 2010 годзе арганізатарамі выпуску еўрааблігацый Беларусі выступалі французскі BNP Paribas, нямецкі Deutsche Bank, брытанскі The Royal Bank of Scotland і «Сбербанк» з Расіі. Пасля падзей снежня 2010 года і ўвядзення санкцый еўрапейскія банкі адмовіліся ад супрацоўніцтва з беларускім урадам.

У часе дэбютнага размяшчэння еўрабондаў на 600 млн даляраў тэрмінам на пяць гадоў міністр фінансаў Андрэй Харкавец казаў: «Купон 8,75% адпавядае ацэнцы ўсяго рынку. І важна разумець, што тут не мы дыктуем умовы, а інвестары», - падкрэсліў ён.

Еўрабонды (еўрааблігацыі) - гэта тып доўгатэрміновых каштоўных папер. Асноўныя іх пакупнікі - інстытуцыйныя інвестары: страхавыя і пенсійныя фонды, інвестыцыйныя кампаніі.

У 2013 годзе Беларусі трэба будзе выплаціць не менш як 3 млрд. даляраў за ранейшыя пазыкі. Такія ж высокія замежныя абавязанні прыпадаюць таксама на 2014 і 2015 гады.

Напісаць каментар 112

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках