6 траўня 2024, панядзелак, 22:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каваленка гатовы перайсці да сухой галадоўкі

12
Каваленка гатовы перайсці да сухой галадоўкі

Жонка віцебскага сябра КХП БНФ Сяргея Каваленкі даведалася з лістоў, дасланых з СІЗА, што ён адмовіўся ад прымусовага харчавання.

Алена Каваленка распавяла «Радыё Свабода», што атрымала ад мужа ліст, датаваны 8 лютага:

«Ён піша, што з таго дня зноў вярнуўся да паўнавартаснай галадоўкі, якую трымаў першыя 30 дзён зняволення. Потым 20 дзён яго кармілі прымусова. Ён піша, што больш не будзе слухаць «лекараў у пагонах», якія казалі, што есці раз на дзень - гэта таксама галадоўка. З 8-га лютага яму відавочна стала горш. На гэта Сяргей паскардзіўся адвакату, які наведваў яго ўчора. Адвакат перадаў, што ў Сяргея баліць галава і ёсць яшчэ нейкія праблемы, звязаныя з пагаршэннем функцыянавання ўнутраных органаў. Але ён піша, што гатовы перайсці і на сухую галадоўку, калі на яго будуць ціснуць, пагражаючы змясціць за галадоўку ў псіхушку».

Жонка актывіста прасіла адваката паведаміць Сяргею, што да яго з просьбай спыніць галадоўку звярнуліся Зянон Пазьняк, праваабарончы цэнтр «Вясна» і прадстаўнікі беларускай грамадскасці. Аднак Алена Каваленка не ведае, ці перадаў гэта Сяргею ягоны абаронца.

На падставе ліста Алена лічыць, што стан Сяргея крытычны, што ён на мяжы жыцця і смерці. І цытуе гэты ліст: «Чаму я павінен тут быць за кратамі за беларускую нацыянальную ідэю, я нічога дрэннага не зрабіў!»

Алена Каваленка дадала, што сваякам не даюць спатканняў са зняволеным, у тым ліку і пасля звароту да суддзі Першамайскага райсуду Алены Жук, якая 21 лютага пачне працэс па крымінальнай справе віцебскага сябра КХП БНФ:

«Суддзя пакінула наш зварот без разгляду. Мы прасілі змяніць меру стрымання. Але для яе, мабыць, жыццё чалавека нічога не значыць!»

Сяргей Каваленка абвінавачваецца па артыкуле 415 «Ухіленне ад адбывання пакарання». Справу ініцыявалі супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспекцыі, якія сцвярджаюць, што Сяргей парушаў рэжым «хатняй хіміі» - умоўнага пакарання, прысуджанага яму за бел-чырвона-белы сцяг, вывешаны на гарадской навагодняй ёлцы 7 студзеня 2010 года. Апазіцыянеру пагражае да трох гадоў турэмнага зняволення.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках