5 траўня 2024, Нядзеля, 3:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адміністрацыя Лукашэнкі не спяшаецца вызваляць Саннікава

14
Адміністрацыя Лукашэнкі не спяшаецца вызваляць Саннікава

Выбітае з кандыдата ў прэзідэнты шляхам катаванняў і пагрозаў прашэнне нібыта толькі паступіла ў адміністрацыю беларускага дыктатара.

Дакументы з калоніі «Віцьба-3», дзе адбывае пакаранне кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, паступілі на разгляд Камісіі па пытаннях памілавання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь толькі 13 лютага - у гэты дзень яны былі афіцыйна зарэгістраваныя ў канцылярыі Адміністрацыі прэзідэнта.

Пра гэта паведаміў TUT.by намеснік старшыні камісіі, начальнік аддзела па грамадзянстве і памілаванні адміністрацыі Лукашэнкі Аляксандр Кісялёў.

Нагадаем, што, па інфармацыі МУС, Андрэй Саннікаў напісаў прашэнне аб памілаванні 23 снежня 2011 года, а адміністрацыя калоніі накіравала яго ў Камісію па пытаннях памілавання 23 студзеня гэтага года. Жонка Саннікава Ірына Халіп паведаміла, што прашэнне аб памілаванні ейны муж напісаў яшчэ 20 лістапада.

Дакументы па даверанай асобе Саннікава - Зміцеру Бандарэнку таксама паступілі ў камісію. Гэта адбылося 14 лютага. Ён напісаў прашэнне аб памілаванні 1 лютага.

Меркавана пытанне аб памілаванні Саннікава і Бандарэнкі будзе разглядацца на наступным паседжанні Камісіі па пытаннях памілавання. Аднак, калі менавіта гэта адбудзецца, сказаць складана. У адпаведнасці з указам № 250 ад 3 снежня 1994 года, які вызначае парадак разгляду пытанняў аб памілаванні, камісія павінная збірацца не радзей чым раз на квартал. На практыцы гэта адбываецца значна часцей. Так, у мінулым годзе камісія збіралася 10 разоў, а апошняе паседжанне адбылося ў снежні 2011 года.

Па словах А. Кісялёва, прашэнні аб памілаванні на разгляд камісіі паступаюць рэгулярна і адначасова на стадыі разгляду можа знаходзіцца і 30, і 40, і 50 хадайніцтваў ад асоб, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. Акрамя таго, ёсць звароты і ад людзей, якія ў дасудовым парадку хадайнічаюць аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці.

Аддзел па грамадзянстве і памілаванні адміністрацыі Лукашэнкі выконвае «арганізацыйна-тэхнічную працу»: забяспечвае правільнасць, паўнату, аб'ектыўнасць дакументаў.

Што тычыцца Андрэя Саннікава, то на сённяшні дзень «ідзе збор дакументаў па ягонай справе», «але ў сувязі з тым, што ў СМІ з'явілася шмат інфармацыі аб тым, што ў адносінах Саннікава ўжываўся ціск, прагучала шмат гучных заяваў (нават ад такіх вядомых у мінулым дзеячоў, як Зянон Пазьняк), камісія, натуральна, павінная старанна і глыбока вывучыць усе акалічнасці; для гэтага, безумоўна, патрабуецца пэўны час», - дадаў ён.

У адпаведнасці з указам № 250, дакументы накіроўваюцца генеральнаму пракурору і старшыні Вярхоўнага суда, якія на працягу месяца павінныя даць сваё заключэнне па гэтым пытанні. Пасля таго як атрыманыя заключэнні з Генпракуратуры і Вярхоўнага суда, усе дакументы накіроўваюцца на разгляд сябраў камісіі.

«Камісія прымае рашэнне пасля таго, калі кожны сябра камісіі, якому рассылаецца ўсё неабходнае на кожнага чалавека для вывучэння, прыходзіць ужо з усведамленнем сітуацыі па кожным чалавеку для таго, каб галасаваць», - тлумачыць А. Кісялёў.

Рашэнне прымаецца на паседжанні шляхам адкрытага галасавання. Пасля яно паступае Лукашэнку разам з пакетам дакументаў. Рашэнне аб памілаванні прымае Лукашэнка.

Разам з тым, патлумачыў А. Кісялёў, бываюць выпадкі, калі ў ходзе паседжання ўзнікае дыскусія і камісія прымае рашэнне вярнуцца да разгляду пытання на наступным паседжанні.

«Вызначанага тэрміну для разгляду канкрэтнага матэрыялу не можа быць, таму што гаворка ідзе аб аб'ектыўнасці ацэнкі. Часам камісія мае права перанесці разгляд пытання на наступнае паседжанне, калі, напрыклад, трэба запытаць нейкія дадатковыя дакументы. Тут недапушчальны нейкі фармальны падыход», - кажа А. Кісялёў. Пры гэтым ён падкрэсліў, што «камісія працуе вельмі інтэнсіўна».

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках