18 траўня 2024, Субота, 19:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзень Волі пачнецца ў адным месцы, а далей - па жаданні

13
Дзень Волі пачнецца ў адным месцы, а далей - па жаданні

Аргкамітэт Дня волі 25 сакавіка і «Малады фронт» вырашылі збіраць удзельнікаў у адным месцы.

Дзяніс Садоўскі, які ў аргкамітэце па святкаванні Дня волі прадстаўляе ствараную партыю «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД), паведаміў БелаПАН, што арганізатарам святкавання Дня волі і арганізацыі «Малады фронт» атрымалася дамовіцца аб агульным зборы удзельнікаў акцыі.

Па ягоных словах, 27 лютага адбылося паседжанне аргкамітэта. «Мы абмеркавалі праблему, чаму на папярэднія паседжанні не былі запрошаныя прадстаўнікі «Маладога фронту». Сталася так, што гэта проста тэхнічная памылка - каардынатар не змог датэлефанавацца да прадстаўнікоў «Маладога фронту», - распавёў Садоўскі.

Ва ўчорашнім паседжанні аргкамітэта прынялі ўдзел намеснікі старшыні «МФ» Анастасія Палажанка і Мікалай Дземідзенка. «Мы абмеркавалі пазіцыі, - паведаміў Садоўскі. - Прадстаўнікі «Маладога фронту» заявілі, што катэгарычна адмаўляюцца праводзіць шэсце на плошчу Бангалор. Але паколькі заяўка на шэсце ўжо пададзеная, то мы сумесна вырашылі так: і «Малады фронт», і аргкамітэт па святкаванні Дня волі запрашаюць людзей сабрацца на акцыю ў адно месца і ў адзін час - 25 сакавіка ў 13.30 на пляцоўку перад будынкам прэзідыума акадэміі навук. А ісці ці не ісці на плошчу Бангалор, кожны будзе вырашаць сам», - распавёў Садоўскі.

У гэтым годзе арганізатары святкавання Дня волі вырашылі правесці мітынг з нагоды 94-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў парку Дружбы народаў на плошчы Бангалор, дзе правядзенне масавых мерапрыемстваў дазволенае гарвыканкамам. Збор удзельнікаў мітынгу з наступным шэсцем ў парк плануецца каля будынка прэзідыума акадэміі навук. Адпаведная заяўка пададзеная ў Менгарвыканкам 23 лютага.

Аднак прадстаўнікі «Маладога фронту» заявілі, што маюць намер адзначыць «галоўнае свята Беларусі» ў цэнтры сталіцы, а не «на балоце». У бліжэйшы час «МФ» збіраецца падаць у Менгарвыканкам альтэрнатыўную заяўку на правядзенне шэсця ў цэнтры горада.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках