18 красавiка 2024, Чацвер, 9:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кампанія «Не гуляйце з дыктатарам» набірае абароты ў Нарвегіі

9
Кампанія «Не гуляйце з дыктатарам» набірае абароты ў Нарвегіі

Усё больш жыхароў гэтай краіны прымаюць удзел у кампаніі «Don't Play with the Dictator», якая стартавала на мінулым тыдні ў шэрагу еўрапейскіх краін.

Кампанія накіраваная супраць правядзення хакейнага першынства свету ў Беларусі ў 2014 годзе, паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на нарвежскі тэлерадыёканал NRK.

«Пасля таго як Беларусь у 2009 годзе выйграла права на правядзенне чэмпіянату свету, сітуацыя з правамі чалавека ў гэтай краіне істотна пагоршылася. Нашая мэта - перашкодзіць Лукашэнку выкарыстоўваць гэты папулярны від спорту дзеля прапаганды свайго рэжыму. Пакуль у гэтай краіне не будуць вызваленыя ўсе палітвязні, хакейны чэмпіянат у ёй не павінен праходзіць», - кажа Берыт Ліндэман з Нарвежскага Хельсінкскага камітэта.

Па словах Берыт Ліндэман, усё больш яе суайчыннікаў пакідаюць подпісы пад размешчанай у Інтэрнэце пэтыцыяй «Don't Play with the Dictator». Праваабаронцы заклікаюць нацыянальную хакейную федэрацыю прагаласаваць у маі на кангрэсе МФХ за перанос першынства з Беларусі ў іншую краіну, бо гэта, мабыць, адзіны спосаб паўплываць на сітуацыю з палітвязнямі.

Тым часам кіраўнік Нарвежскага хакейнага саюза Оле Якаб Лібек лічыць, што кампанія запазнілася.

«Пакуль няма ніякіх прыкметаў таго, што рашэнне адносна месца правядзення чэмпіянату свету будзе змененае. Праваабаронцам трэба было рэагаваць яшчэ ў 2009 годзе, да таго як Беларусь выйграла гэты конкурс», - кажа Лібек.

Дарэчы, сам ён у 2009 годзе быў адным з галоўных ініцыятараў правядзення прэстыжнага міжнароднага турніру ў Менску: «Я ведаў, што Лукашэнка - сапраўдны фанат хакея. Ён зрабіў шмат выдатных рэчаў, каб папулярызаваць гэты від спорту ў сваёй краіне, пабудаваў шмат крытых каткоў. Але гэта ўсё не сведчыць аб той сітуацыі з правамі чалавека, пра якую мы цяпер чытаем. Вось чаму, на мой погляд, хакейны свет і вырашыў, што Беларусь стане краінай Кубка свету. Тады гэтае пытанне не было ў цэнтры ўвагі міжнароднай грамадскасці», - адзначае ў інтэрв'ю NRK прэзідэнт Нарвежскага хакейнага саюза.

Міжнародная федэрацыя хакея разгледзіць пытанне аб пераносе чэмпіянату свету з Беларусі ў іншую краіну. Гэтае пытанне унесенае ў парадак дня паседжання федэрацыі, якое запланавана на май у Хельсінкі.

Ідэя перанесці яго ў іншае месца з'явілася пасля разгону акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў прэзідэнта 19 снежня 2010 года.

Пад заклікам перанесці чэмпіянат падпісаліся многія палітычныя і грамадскія дзеячы з усяго свету. Ідэю пераносу чэмпіянату з Беларусі падтрымалі Еўрапарламент і Кангрэс ЗША.

Супраць пераносу выступае Расея.

У гісторыі ўжо быў прэцэдэнт перанясення чэмпіянату з адной краіны ў іншую. У сувязі з уварваннем дзяржаў Варшаўскага пакта ў Чэхаславакію ў 1968 годзе хакейны чэмпіянат 1969 праводзіўся не ў Празе, як было запланавана раней, а ў Стакгольме.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках