Саннікава затрымалі на мяжы
52- 6.06.2012, 10:20
Былога палітвязня і кандыдата ў прэзідэнты знялі з цягніка «Менск-Вільня».
Андрэй Саннікаў збіраўся ў Вільню па асабістых справах. Былы палітвязень, у тым ліку, збіраўся звярнуцца да лекараў. Аднак на станцыі Гудагай мытнікі вывелі яго з цягніка.
Як паведаміў палітык сайту charter97.org, яго абшукалі ажно да распранання.
«Правялі асабісты мытны дагляд згодна з п. 117 Мытнага кодэкса Мытнага саюза. Правялі вобшук з распрананнем. Усё гэта доўжылася больш за гадзіну. Паводзіліся карэктна, але нічога не патлумачылі, спасылаліся на інструкцыі. У рэшце рэшт, паведамілі, што выезд з краіны мне не забаронены, але цягнік да таго часу ўжо з'ехаў», - распавёў Андрэй Саннікаў.
У выніку зараз палітык вымушаны да вечара чакаць на станцыі Гудагай наступнага транспарту.
Андрэй Саннікаў - кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года. Пасля акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў быў прысуджаны да 5 гадоў пазбаўлення волі. Правёў у зняволенні 1 год і 4 месяцы. Падвяргаўся ў турме катаванням і здзекам. Быў вызвалены 14 красавіка 2012 года.