3 траўня 2024, Пятніца, 18:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Асанж сабраўся правесці ў амбасадзе Эквадора год

1
Асанж сабраўся правесці ў амбасадзе Эквадора год

Джуліян Асанж мяркуе, што канфлікт паміж Велікабрытаніяй і паўднёваамерыканскай краінай, якая дала яму палітычны прытулак, будзе вырашаны дыпламатычным шляхам.

Пра гэта ён паведаміў у інтэрв'ю эквадорскаму тэлеканалу Gama. Інтэрв'ю выйшла ў эфір 30 жніўня, а запісана было раней на гэтым тыдні, піша Lenta.Ru cо спасылкай на Reuters.

Заснавальнік сайта WikiLeaks, на якім публікаваліся сакрэтныя дакументы ўрада ЗША, ужо больш за два месяцы хаваецца ў дыпмісіі Эквадора, каб пазбегнуць экстрадыцыі ў Швецыю. Там супраць яго вылучаныя абвінавачванні ў злачынствах на сэксуальнай глебе. Па рашэнні брытанскага суда Лондан павінен выслаць яго для судовага разбору.

Праз некалькі тыдняў пасля таго, як Джуліян Асанж схаваўся ў амбасадзе, Велікабрытанія прыгразіла арыштаваць яго непасрэдна ў дыпмісіі, аднак пазней адмовілася ад гэтых планаў. Пасля таго, як Эквадор даў яму прытулак, Лондан заявіў, што не дапусціць выезду Асанжа за межы краіны і арыштуе яго пры спробе пакінуць будынак амбасады.

У рамках урэгулявання канфлікту ў сераду, 29 жніўня, віцэ-прэзідэнт Эквадора Ленін Марэна (Lenin Moreno) абмяркоўваў сітуацыю з міністрам замежных спраў Велікабрытаніі Уільямам Хейгам, які па выніках сустрэчы заявіў тэлеканалу ВВС, што вырашэнне канфлікту ў бліжэйшы час малаверагодна.

Тым не менш, кіраўнік эквадорскай дыпламатыі Рыкарда Паціна (Ricardo Patino) паведаміў у сераду, што Лондан можа пагадзіцца выдаць Асанжу пісьмовыя гарантыі таго, што са Швецыі яго не змогуць экстрадаваць у якую-небудзь трэцюю краіну. Паводле яго слоў, калі Асанж атрымае такія паперы, то ён адмовіцца ад прадастаўленага статусу і паедзе ў Швецыю.

Асанж сцвярджае, што абвінавачванні супраць яго сфабрыкаваныя для таго, каб шведскія ўлады мелі магчымасць перадаць яго ў ЗША, дзе яму могуць быць прад'яўленыя абвінавачванні ў шпіянажы. Дзярждэпартамент некалькі разоў абвяргаў гэтую версію. У ЗША ўжо каля двух гадоў знаходзіцца пад вартай і чакае суда радавы Брэдлі Мэнінг, які перадаў Асанжу для публікацыі тысячы сакрэтных дакументаў амерыканскага ўрада.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках