26 красавiка 2024, Пятніца, 12:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навошта Лукашэнка цягне Грузію ў СНД?

47
Навошта Лукашэнка цягне Грузію ў СНД?

15 студзеня ў Мінску адбылася маштабная прэс-канферэнцыя, на якой Аляксандр Лукашэнка зноў пацвердзіў сваё жаданне вярнуць Грузію ў СНД.

Улічваючы, што грузінская старана ўжо некалькі разоў катэгарычна адмаўляла наяўнасць у яе гэткіх памкненняў, слушна задаць пытанне, якія планы беларускага кіраўніцтва у гэтым кірунку, пішуць «Беларускія навіны».

Чатыры гады ўпартай абароны

Справы выглядаюць тым больш інтрыгоўнымі, калі ўспомніць, што сур'ёзныя супярэчнасці паміж Беларуссю і Расеяй існуюць акурат праз Грузію. Яны паўсталі ў жніўні 2008 года, пасля таго як Масква фактычна акупавала Абхазію і Паўднёвую Асецію, а потым прызнала незалежнасць гэтых бунтоўных грузінскіх тэрыторый.

Як вядома, за выняткам некаторых далёка не самых уплывовых краін накшталт Венесуэлы або зусім ужо маргіналаў накшталт Тувалу, Расею ў гэтым плане ніхто ў свеце не падтрымаў. Няма ніякіх сумненняў у тым, што Крэмль вельмі моцна разлічваў на падтрымку з боку партнёраў постсавецкай структуры і найперш свайго «галоўнага хаўрусніка».

Аднак акрамя як выціснуць з таго вербальную падтрымку расейскай агрэсіі, а таксама неафіцыйна звесці Лукашэнку сам-насам з лідарамі непрызнаных утварэнняў, Крэмль больш нічога не здолеў.

Нягледзячы на заклікі, што ўвесь час гучалі з вуснаў высокапастаўленых расейскіх персон, і нават наўпроставыя патрабаванні прызнаць дзве рэспублікі, афіцыйны Менск увесь час сыходзіў ад прыняцця пастановы. У тым ліку і з дапамогай неаднаразовага перакладання адказнасці з адной галіны ўлады на іншую.

Атмасфэра асабліва напалілася ў жніўні 2010 года, калі дзвюхстароннія стасункі наогул знаходзіліся на надзвычай нізкім узроўні. Спачатку тагачасны прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў распавёў расейскім журналістам, што «Аляксандр Рыгоравіч публічна паабяцаў на саміце АДКБ прыкласці ўсе намаганні для прызнання незалежнасці дзвюх закаўказскіх рэспублік, але так і не выканаў цягам двух гадоў свайго абяцання».

У адказ Лукашэнка абвінаваціў калегу ў тым, што той «несумленна і непрыстойна вырывае пэўныя рэчы». З ягоных слоў, «Расея выявіла няздольнасць або кіраўніцтва Расеі не захацела ісці на нівеляванне і ліквідацыю тых наступстваў, якія для Беларусі павінны былі ўзнікнуць».

Тады з'явілася інфармацыя, што Мядзведзеў даў свайму памочніку даручэнне апублікаваць стэнаграму пасяджэння таго самага саміту АДКБ.

У рэшце дыпламатычнага скандалу ўсё ж не здарылася, і з тых часоў сітуацыя так і заставалася ў падвешаным стане.

У снежні мінулага года на сустрэчы з чальцамі Клуба галоўных рэдактараў краін СНД, Балтыі і Грузіі Лукашэнка заявіў, што «Крэмль больш не патрабуе ад Беларусі прызнання суверэнітэту Паўднёвай Асеціі і Абхазіі... Мы гэтую старонку перагарнулі і больш да яе з расейскім кіраўніцтвам не вяртаемся».

Тым не менш, зважаючы на шэраг новых зваротаў да тэмы, можна зрабіць выснову, што пытанне з парадку дня канчаткова яшчэ не знятае.

Імаверны візіт Лукашэнкі ў Грузію стане няпросты місіяй

Магчыма, беларускае кіраўніцтва мяркуе, што з дапамогай вяртання Грузіі ў СНД здалее выйсці з разгледжанай сітуацыі з найменшымі выдаткамі. Маўляў, у рамках адной арганізацыі ўсё пакрысе наладзіцца само сабой. Акрамя таго, у гэтым годзе Беларусь старшынюе ў Садружнасці, і ёй, вядома, вельмі хацелася б прадэманстраваць свой інтэграцыйны патэнцыял.

Зразумела, такі вынік не стаў бы вялікім дасягненнем і не ўдыхнуў бы новыя сілы ў «звялы» СНД, тым больш што ў Крамля сёння ў прыярытэтах Мытны і ў перспектыве Еўразійскі саюзы.

Да таго ж пры строма адмоўным стаўленні Тбілісі да гэтай ідэі на яе выкананне разлічваць цяжкавата.

Трохі бачыцца шанцаў на поспех і ў непасрэднай міратворчай місіі Лукашэнкі, калі ён наведае Грузію, пра што таксама ішла размова на згаданай прэс-канферэнцыі.

Ёсць версія, што гэтая меркаваная паездка інспіраваная Масквой, бо яна не мае ахвоты весці перамовы з Тбілісі наўпрост. Аднак гэта малаімаверна, бо запрашэнне было атрыманае ад пакуль яшчэ дзейнага прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі, усялякія кантакты з якім ўспрымаюцца ў Крамлі з надзвычайным раздражненнем.

Ды і сам візіт не абяцае быць простым. Напрыклад, можна быць абсалютна упэўненым, што пытанне аб пазіцыі Беларусі ў расейска-грузінскім супрацьстаянні будзе зададзенае ў лоб. І як адказваць?

З іншага боку, Менску зусім не хочацца губляць Грузію як свайго адваката на Захадзе, у прыватнасці, у праграме «Усходняе партнёрства». А гэта абавязкова адбудзецца, калі Беларусь цалкам пяройдзе на бок Расеі ў пытанні аб грузінскіх аўтаноміях.

Такім чынам, складваецца ўражанне, што ў цяперашняй сітуацыі найлепшым вынікам для беларускага кіраўніцтва стала б захаванне статус-кво. Але гэтага, відаць, будзе не так проста дамагчыся.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках