27 красавiка 2024, Субота, 15:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Парушальніка спакою» асудзілі пры ягонай адсутнасці

8
«Парушальніка спакою» асудзілі пры ягонай адсутнасці

Менскі прадпрымальнік Вячаслаў Піліпук завочна аштрафаваны на 2,6 млн рублёў за акцыі супраць будаўніцтва аўтацэнтра ва Уруччы.

Суд Першамайскага раёна сталіцы 1 кастрычнік прызнаў прадпрымальніка Вячаслава Піліпука вінаватым паводле ч.1 арт.23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання). Суддзя Сяргей Бандарэнка пастанавіў спагнаць з яго штраф у суме 10 базавых адзінак паводле абодвух эпізодаў (агулам 2,6 млн рублёў), сказаў БелаПАН Піліпук.

Суд наважыў, што Піліпук учыніў адміністрацыйнае правапарушэнне тым, што нібыта правёў несанкцыянаваныя вулічныя мерапрыемствы 1 і 5 жніўня.

Нагадаем, 5 жніўня блізу 30 жыхароў сталічнага мікрараёна Уручча, у тым ліку Піліпук, правялі сход каля гарнізоннага Дома афіцэраў на вуліцы Герояў 120-й дывізіі, на якім запісалі відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай спыніць высечку дрэў на месцы будаўніцтва аўтацэнтра Audi AG. На гэтай акцыі прысутнічалі прадстаўнікі адміністрацыі Першамайскага раёна і кіраўніцтва Першамайскага РУУС, якія назіралі за падзеямі збоку.

Пасля акцыі да Піліпука падышлі трое супрацоўнікаў ОМОН, папрасілі ягоныя дакумэнты і дазвол на правядзенне мітынгу. Пасля таго як жыхары заявілі, што гэта не мітынг, а сход, прадпрымальніка папрасілі прайсці ў размешчаны непадалёк апорны пункт аховы правапарадку. У апорным пункце міліцыянты склалі пратакол апытання Піліпука, у якім напісалі ягоныя тлумачэнні, што ж адбывалася каля Дома афіцэраў, а таксама ці збіраў Вячаслаў якім-небудзь чынам мясцовых жыхароў і ці запрашаў на гэты сход журналістаў, якія там былі. Пасля гэтага прадпрыемца адпусцілі.

Акрамя таго, на думку суда, 1 жніўня 1 пад 20.00 мянчук узяў удзел у несанкцыянаваным пікеце каля будынка адміністрацыі Першамайскага раёна сталіцы. У Вячаслава на гэты конт зусім іншае меркаванне. "Гэтага дня я прыйшоў на сход на тую ж тэму, ініцыяваны кіраўніцтвам адміністрацыі раёна, аднак мяне на яго не прапусцілі, пагражалі вялікімі праблемамі. Пасля гэтага я застаўся на сходцах будынка адміністрацыі і нядоўга абмяркоўваў сітуацыю з іншымі людзьмі, потым з'ехаў", - сказаў ён.

Са слоў Піліпука, аб тым, што супраць яго быў пачаты адміністрацыйны працэс, ён даведаўся толькі 9 кастрычніка, калі на пошце атрымаў ліст з пастановай суда. "Суд адбыўся завочна, без майго ўдзелу, мне нават не паведамілі, што будзе судовы разгляд", - адзначыў ён.

Прадпрымальнік не пагадзіўся з пастановай Першамайскага раённага суда і 10 кастрычніка накіраваў скаргу ў Менскі гарадскі суд. "Я хачу выкарыстаць усе адведзеныя мне заканадаўствам магчымасці і давесці, што я нічога не парушаў. Аднак вялікая імавернасць, што вышэйшая інстанцыя мяне не падтрымае", - рэзюмаваў Піліпук.

Будаўніцтва аўтацэнтра Audi AG афіцыйна пачалося 12 чэрвеня. Будоўля вядзецца ў тым ліку на месцы хвойнай лесапалосы, якая агароджвае мясцовыя жылыя дамы ад тлумнага праспекта Незалежнасці. Ініцыятары праекту запэўніваюць, што ён прайшоў патрэбную экспэртызу. Адміністрацыя Першамайскага раёна не пярэчыць супраць будаўніцтва аўтацэнтра ў гэтым месцы.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках