19 сакавiка 2024, aўторак, 5:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Малюта, змоўшчык Цесака, мог удзельнічаць у нападзе на Саннікава

127
Малюта, змоўшчык Цесака, мог удзельнічаць у нападзе на Саннікава

Яго «страхуе» беларускі КДБ, таму ад усіх абвінавачванняў Малюта сыходзіць беспакарана.

Як ужо паведамляў сайт charter97.org, затрыманага раней у Менску рускага фашыста Максіма Марцінкевіча па мянушцы Цясак выпусцілі з СІЗА пад абавязацельства з'явіцца па першым патрабаванні. СК Беларусі паведаміў, што Марцінкевіч гатовы супрацоўнічаць са следствам.

Нагадаем, яго абвінавачваюць па частцы 3 артыкула 339 КК РБ - асабліва злоснае хуліганства з ужываннем зброі, караецца тэрмінам зняволення ад трох да дзесяці гадоў. Па дадзеных следства, 15 лютага каля будынка вочнай клінікі адбылася бойка Цесака і дваіх яго знаёмых, грамадзян Беларусі, з трыма антыфашыстамі. У выніку адзін з антыфашыстаў атрымаў пранікальнае нажавое раненне. Той факт, што антыфашысты не напісалі заяў у міліцыю на Цесака і яго змоўшчыкаў (адзін з іх - былы лідэр неанацысцкай групоўкі НСА Сяргей Кароткіх па мянушцы Малюта, у Расеі яго падазраюць у арганізацыі выбуху на Манежнай плошчы ў 2007 годзе), і стаў падставай для вызвалення ўльтра-правых з СІЗА.

Сёння «Радыё Свабода» паведамляе, што Сяргей Кароткіх (Малюта) быў сябрам Валерыя Ігнатовіча, пажыццёва асуджанага за забойства журналіста Змітра Завадскага. У канцы 1990-х ён мог удзельнічаць у акцыях РНА супраць дэмакратычных актывістаў. Яго «страхуе» беларускі КДБ, таму ад усіх абвінавачванняў Малюта сыходзіць беспакарана. Гэты чалавек небяспечней Цесака - упэўнены былы супрацоўнік беларускай пракуратуры Зміцер Петрушкевіч.

«Чуткі пра тое, што ён са сваімі людзьмі збіў нейкіх апазіцыянераў у 1999 годзе, я памятаю добра, - кажа карэспандэнту «Радыё Свабода» былы супрацоўнік пракуратуры Зміцер Петрушкевіч. - Цяпер атрымліваецца, што гэта былі Андрэй Саннікаў, Зміцер Бандарэнка і Алег Бябенін. А калі супаставіць факты яго біяграфіі і дадаць чарговае вызваленне, то асабіста ў мяне не застаецца ніякіх сумненняў у тым, што ён супрацоўнічае менавіта з беларускімі спецслужбамі».

«Саннікаў ляжаў у лужыне крыві і некалькі чалавек яго збівалі нагамі. Яго фактычна забівалі, - распавядае каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка. - У мяне пэўныя навыкі службы ў спецназе, заняткі ўсходнімі адзінаборствамі, але і гэта не выратавала. Я проста выбег на праезную частку».

«А Лукашэнка тады сказаў: «Фашысты збілі фашыстаў», - кажа Бандарэнка. Зачыстка апазіцыйных палітыкаў пачалася менавіта з нападу на лідэра «Еўрапейскай Беларусі», былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава - упэўнены ён.

Актывісты РНА напалі на палітыкаў у лютым 1999 года.

Бандарэнка кажа, што кіраваў нападам сам лідэр РНА Глеб Самойлаў. «Нас было трое, іх было 20 чалавек, - тлумачыць ён. - Тады Бябенін трапіў у шпіталь, у яго былі ныркі пашкоджаныя. У Саннікава два рабра паламаныя, нос зламаны і страсенне мозгу».

Петрушкевіч - былы супрацоўнік беларускай пракуратуры. Удзельнічаў у расследаванні спраў зніклых палітыкаў. Цяпер жыве ў ЗША. Вызваленне з-пад варты Сяргея Кароткіх (Малюты) яго абурыла. «Можна па-рознаму ставіцца да вызвалення Марцінкевіча, які нібыта пагадзіўся супрацоўнічаць са следствам... але той факт, што на наступную раніцу быў адпушчаны Малюта, не ўкладваецца ўжо ні ў якія рамкі», - піша Петрушкевіч ў сваім блогу на «Белорусском партизане». Петрушкевіч упэўнены: беларускія спецслужбы «страхуюць» Малюту яшчэ з канца 90-х.

«Малюту ў РНА прывёў Ігнатовіч»

Сяргей Кароткіх нарадзіўся ў 1969 годзе. У Расеі вядомы як адзін з кіраўнікоў экстрэмісцкай арганізацыі Нацыянальна-сацыялістычнае таварыства. Праўда, адтуль яго «выгналі» за шкоду арганізацыі.

Чуткі пра тое, што Малюта - агент ФСБ, ходзяць і ў Расеі. Больш за тое, Малюта лічыцца арганізатарам выбуху на Манежнай плошчы ў 2007 годзе.

З сярэдзіны 2000-х яго імя часцей за ўсё сустракаецца побач з імем Максіма Марцінкевіча (Цесака). Сам Малюта - грамадзянін Беларусі. Настальгію па беларускіх каранях мае і Цясак.

Да таго як стаць вядомым свой дзейнасцю ў Расеі, Малюта паспеў праявіць сябе і ў Беларусі. Тут ён уваходзіў у Рускае Нацыянальнае Адзінства. І прывёў яго туды ніхто іншы, як Валерый Ігнатовіч, пазней асуджаны за выкраданне і забойства журналіста Змітра Завадскага.

«Там стаяў чалавек у камуфляжнай форме, - працягвае апісваць напад рнашнікаў Бандарэнка. - Мы думалі, што гэта проста нейкі афіцэр стаіць. Але потым у міліцыі нам сказалі, што гэта быў Ігнатовіч. Фактычна Ігнатовіч тады кіраваў нападам на Саннікава».

«Ігнатовіч і прывёў Малюту ў РНА, - сцвярджае Петрушкевіч. - Яны былі досыць блізкія. Але нягледзячы на гэта, Кароткіх заняў больш высокі статус у арганізацыі».

Чаму? Па версіі Петрушкевіча, Малюта мог забяспечыць фінансаванне. А вось адкуль гэтае фінансаванне - гэтае пытанне тады нават высвятляць было небяспечна.

«Пра сувязь Кароткіх са спецслужбамі ўсім было вядома яшчэ ў 90-е (нязгоды тычыліся толькі ступені іх блізкасці), шматлікія факты сапраўды мелі месца», - піша Петрушкевіч у блогу.

«Кароткіх быў намеснікам Самойлава, фактычна другім чалавекам у РНА, - кажа Зміцер Петрушкевіч. (Па інфармацыі «Радыё Свабода», Малюта ўзначальваў адно з падраздзяленняў РНА «Вараг») - А Ігнатовіч займаўся пытаннямі аператыўнага забеспячэння. У іх была даволі сур'ёзная арганізацыя ў плане фізпадрыхтоўкі. Яны тады даволі шматлікія маршы праводзілі з лозунгамі «Расея, Сербія, Беларусь».

Бандарэнка ўпэўнены: такія арганізацыі заўсёды кіруюцца спецслужбамі. А ў Беларусі гэтыя сувязі самыя канкрэтныя. «Быў куратар ў асобе Ігнатовіча, былога афіцэра «Алмаза», - кажа Бандарэнка.

Гэтую версію пацвярджае і Петрушкевіч: «Казалі тады пра сувязь Самойлава (лідэра беларускага РНА) з ФСБ, а ў тыя часы гэта было страшней любога КДБ ці САБРа».

«Увогуле, гэта быў страшны час, які стараешся забыць і не ўспамінаць у дэталях», - прызнаецца Петрушкевіч.

«У 1999 годзе газета «Народная воля» разам з Хартыяй-97 праводзіла конкурс «Абяры свой урад», - распавядае Зміцер Бандарэнка. - І кіраўніком урада чытачы назвалі Генадзя Карпенку, міністрам юстыцыі - Ганчара, міністрам эканомікі - Чыгіра, міністрам замежных спраў - Саннікава, міністрам унутраных спраў - Захаранку і г.д.

І потым Карпенка памірае, Чыгір арыштаваны, Захаранка, Ганчар і Красоўскі знікаюць. А на Саннікава напалі - чалавек цудам застаўся жывы».

Крымінальную справу пра напад на дэмакратычных актывістаў зачынілі. Бандарэнку пагражала некалькі гадоў турмы, бо калі ён абараняўся, з боку фашыстаў былі пацярпелыя.

«А міліцыя Першамайскага раёна ў тыя часы праводзіла рэйды сумесна з актывістамі РНА, якія былі апранутыя ў камуфляж са свастыкамі. Былі пагрозы ў адрас маёй сям'і. У паштовую скрыню закідвалі газету «Русский порядок» са свастыкай, - тлумачыць Бандарэнка. - Ігнатовіч тады спакойна прыходзіў у міліцыю. Я пытаўся тады ў міліцыянтаў: а як тут фашысты ходзяць са свастыкай? Яны мне адказвалі: ну, ён жа былы наш, ён жа быў у нашай сістэме МУС».

Малюту страхуюць спецслужбы. Гэта вынікае з яго біяграфіі

У Ігнатовіча і Самойлава былі сур'ёзныя разыходжанні. Самойлава больш цікавіла ідэалогія, а Ігнатовіч і Кароткіх выступалі за больш экстрэмальныя метады, - кажа Петрушкевіч.

Праз некаторы час лідэр беларускага РНА Глеб Самойлаў быў забіты ў пад'ездзе свайго дома. Гэта адбылося 5 жніўня 2000 года.

«Расследаванне пра забойства Самойлава праводзілася сумесна з крымінальнымі справамі па фактах знікнення беларускіх палітыкаў, - кажа Петрушкевіч. - І Кароткіх (Малюта) праходзіў па ім сведкам».

На пэўным этапе справа трапілася самому Петрушкевічу.

«Кароткіх праходзіў па справе Самойлава як другасны сведка, - распавядае Зміцер. - Я яго тады не дапытваў. Да мяне гэта справа патрапіла ўжо праз чатыры месяцы пасля забойства і лічылася «глушцом». Па ёй амаль ніхто не працаваў, а ў пратаколах допытаў былі толькі агульныя фразы».

Петрушкевіч дапытваў іншых членаў РНА, але ўсе яны вялі сябе замкнёна. Зміцер кажа, што супрацоўніцтва з «органамі» супраць правілаў такіх нефармальных аб'яднанняў. Маўляў, таму і цяпер супраць Марцінкевіча і яго таварышаў нават не напісалі заявы. «А тое, што Марцінкевіч піша «Вконтакте», што супраць яго «заявы катаюць», - гэта няпраўда, - сцвярджае Петрушкевіч.

«У мяне няма падстаў меркаваць, што забойства Самойлава здзейсніў Кароткіх, - кажа ён. - Але было дзіўна тое, што яго ніхто не правяраў на дачыненне да забойства. Каго заўгодна правяралі, толькі не яго».

Петрушкевіч кажа, што ўжо тады ім тлумачылі: «у гэтую справу лепш не лезці». «У нас тады і так два чалавекі, якія мелі дачыненне да гэтай справы, памерлі. Я не сцвярджаю, што іх забілі, але сам факт гэты жадання працаваць не дадаваў».

«Тое, што Кароткіх «страхуюць» беларускія спецслужбы, відавочна з яго біяграфіі. Ён жа ў Беларусі ніколі не прыцягваўся да адказнасці, а ў Расеі яго шукалі за выбух, - заключае Петрушкевіч. - Ды і цяпер яго зноў адпусцілі. І мне дзіўна, што беларускую апазіцыю справа Кароткіх зусім не хвалюе. Яго нават амаль ніхто не ўспамінае».

Апошні раз назва РНА гучна прагучала ў сувязі з выкраданнем у Беларусі актывістак FEMEN. Тады дзяўчаты паведамлялі, што людзі, якія здзекаваліся над імі, называлі сябе членамі менавіта гэтай арганізацыі.

Напісаць каментар 127

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках