26 красавiка 2024, Пятніца, 12:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БТ перакруціла словы кіраўніка місіі МВФ

29

Беларускія тэлеканалы па-рознаму пераклалі словы кіраўніка місіі МВФ Дэвіда Хофмана.

У рэпартажах, паказаных на трох афіцыйных каналах, ягоная заява была істотна «падпраўленая» прапагандыстамі, паведамляе «Еўрарадыё».

«Паводле нашай ацэнкі ўрад Беларусі дасягнуў істотнага поспеху ў некаторых абласцях рэформаў. Для паспяховага росту эканамічных паказчыкаў глыбокія структурныя рэформы маюць ключавое значэнне, таму на наш погляд ўсестароннія маштабныя праграмы варта прадоўжыць», - гэта фрагмент выступу Дэвіда Хофмана ў перакладзе тэлеканала СТВ.

А вось як было напісана ў паперы, з якой чытаў кіраўнік місіі:

«Урад дасягнуў поспеху ў некаторых абласцях рэформаў, уключаючы рэфармаванне падатковай сістэмы і распрацоўку новага закона аб банкруцтве, аднак гэта было нівеліравана крокамі назад у іншых галінах, такіх як лібералізацыя коштаў і прыватызацыя. Таму патрэбная ўсестаронняя маштабная праграма рэформаў».

У заяве МВФ паказана, што праграма рэформаў нам яшчэ патрэбная, а з цытаты, прыведзенай на СТВ, выходзіць, што яна ў нас ужо ёсць, і яе трэба прадаўжаць.

«Місія ўхваляе ўстаноўлены ўрадам на 2013 год мэтавы паказчык збалансаванага бюджэту. Ураду і Нацыянальнаму банку варта шчыльна каардынаваць палітыку, якая забяспечыць стабільнасць. Улады павінны засяродзіцца на скарачэнні інфляцыі і стрымліванні замежнаэканамічных дысбалансаў», - гэта ўжо ОНТ цытуе кіраўніка місіі МВФ, на той жа прэс-канферэнцыі.

У заяве гэтыя словы гучаць зусім па-іншаму:

«Ураду і Нацыянальнаму банку варта шчыльна каардынаваць палітыку і наўпрост засяродзіцца на далейшым скарачэнні інфляцыі і стрымліванні замежнаэканамічных дысбалансаў. Гэта асабліва важна ў варунках пагаршэння стану плацежнага балансу і значных плацяжоў абслугоўвання замежнай запазычанасці, што стварае складанасці. У гэтых варунках місія ўхваляе устаноўлены ўрадам на 2013 год мэтавы паказчык збалансаванага бюджэту, аднак для забеспячэння належнага курсу бюджэтна-падатковай палітыкі патрэбныя дадатковыя захады».

Пра «пагаршэнне стану плацежнага балансу і складанасці, якія ствараюць значныя выплаты абслугоўвання замежнай запазычанасці» беларусам ведаць не варта, мяркуюць на ОНТ.

Затое на БТ словы Дэвіда Хофмана цалкам супадаюць з тым, што напісана ў заяве МВФ, якую ён зачытвае. Праўда тэлеканал паказаў толькі момант развітання:

«МВФ прадоўжыць шчыльнае супрацоўніцтва з Рэспублікай Беларусь, у тым ліку з дапамогай актыўных кансультацый у пытаннях эканамічнай палітыкі і наданні тэхнічнай дапамогі».

Аглядная місія МВФ прыступіла да працы ў Менску 14 сакавіка.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках