29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Акцыянераў Teliasonera заклікалі расследаваць супрацоўніцтва кампаніі з КДБ

1

Грамадзянскія актывісты правялі акцыю падчас штогадовага сходу акцыянераў шведскай кампаніі.

На пасяджэнні, якое праходзіла ў Стакгольме, прысутнічалі каля 400 чалавек. Каля ўваходу ў будынак, дзе яны сабраліся, прайшоў перфоманс, удзельнікі якога нагадалі аб супрацоўніцтве кампаніі з дыктатарскімі рэжымамі, піша шведская газета Dagens Nyheter (пераклад - charter97.org).

Адзін з актывістаў стаяў на каленях з залепленым ротам і бел-чырвона-белым сцягам на плячах. Ён трымаў плакат з надпісам па-шведску «Апазіцыю праслухоўваюць і кідаюць у турмы дзякуючы TeliaSonera». Другі размахваў міліцэйскай дубінкай. Астатнія ўдзельнікі акцыі трымалі партрэты беларускіх палітвязняў.

Перфоманс быў арганізаваны ініцыятывай «Info Belarus». Яго ўдзельнікі патрабавалі ад акцыянераў шведскай кампаніі падчас пасяджэння таксама падняць пытанне аб захаванні правоў чалавека і аб супрацоўніцтве з беларускімі спецслужбамі.

Выданне нагадвае таксама аб скандалах, якія адбыліся з TeliaSonera у мінулым годзе. Кампанія была абвінавачаная ў супрацоўніцтве з шэрагам дыктатарскіх рэжымаў на тэрыторыі СНД, у тым ліку - з беларускім. З дапамогай мабільных аператараў, у прыватнасці Life - даччынай фірмы шведскай кампаніі - уладам атрымоўваецца адсочваць поўную інфармацыю аб перапісцы, званках, месцазнаходжанні, перамяшчэнні сваіх апанентаў.

У якасці класічнага прыкладу раней шведскія журналісты спасылаліся на снежаньскія падзеі 2010 года, калі аператары мабільнай сувязі часткова заблакавалі для сваіх кліентаў апазіцыйныя вэб-сайты і далі спецслужбам праслухоўваць размовы апанентаў, раскрылі інфармацыю аб сваіх карыстачах, што ў выніку паслужыла прычынай да арышту сотняў мірных дэманстрантаў .

Многія шведскія эксперты ў галіне камунікацыйных тэхналогій схіляюцца да думкі, што TeliaSonera, выходзячы на рынкі недэмакратычных краін, першапачаткова ўсведамляе, што будзе вымушаная дапамагаць дыктатуры праслухоўваць, каго тая захоча і калі захоча.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках