13 чэрвеня 2026, Субота, 22:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Зімачка» Троіцы - лепшы беларускі альбом за 5 гадоў

«Троіца» таксама з'яўляецца самым тытулаваным выканаўцам за апошнія пяць гадоў.

Роўна пяць гадоў таму адкрыўся сайт Experty.by - некамерцыйны праект, прысвечаны збору і апісанню сучаснай беларускай музыкі. За гэты час у рамках праекта былі апублікаваныя рэцэнзіі на 370 дыскаў, у аўдыёархіве сайта даступна для анлайн-праслухоўвання 212 работ, піша budzma.org.

З новых альбомаў самы высокі бал ад штатных крытыкаў за гэтыя гады атрымаў альбом этна-трыа «Троіца» «Зімачка» (2011) - 9,50. Больш (9,75) толькі ў першага альбома «Песняроў», які разглядаўся ў рамках спецпраекта «Галоўныя альбомы». На процілеглым полюсе знаходзіцца альбом поп-спявачкі Лючаны «Улечу», які атрымаў усяго 1,5 бала з 10.

«Троіца» таксама з'яўляецца самым тытулаваным выканаўцам у рамках штогадовай прэміі Experty.by. На рахунку калектыву 7 узнагарод, у тым ліку дзве ўзнагароды «Альбом года» (2008 і 2011). Шматразовымі ўладальнікамі ўзнагарод таксама сталі The Toobes і «Дзецідзяцей» (па 4), «Ляпіс Трубяцкі» і «Серебряная Свадьба» (па 3), Port Mone, Hvarna і Зміцер Вайцюшкевіч (па 2).

Дзякуючы праекту Experty.by, за 5 гадоў з сучаснай беларускай музыкай пазнаёміліся 25 замежных крытыкаў з Расеі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі. У тым ліку Арцемій Троіцкі, Роберт Санкоўскі (Gazeta Wyborcza), Аляксандр Гарбачоў («Афіша»), Рамунас Зілніс (Lietuvos Rytas), Дзяніс Баярын (Openspace.ru, Colta.ru) і іншыя.

У выніку аглядныя артыкулы пра беларускую музыку апублікавалі аўтарытэтныя ў сваіх краінах Lenta.ru, Afisha.ru, Delfi.lt, Gazeta Wyborcza, Ore.lt, Onet.pl, Tvnet.lv. Дарэчы, самым бясспрэчным пераможцам намінацыі «Прыз замежных экспертаў» за гэтыя гады стаў альбом трыо Port Mone «Dip» (2009), які набраў 49 балаў з 50 магчымых.

- Натуральна, усе нашы рэцэнзіі, ацэнкі і рэйтынгі - не ісціна ў апошняй інстанцыі. Наша задача - стварыць нагоду для абмеркавання і распаўсюджвання інфармацыі пра яе. З 2010 года карыстальнікі могуць паслухаць анлайн альбомы, якія рэцэнзуюцца, і скласці сваё меркаванне. Больш таго, у рамках штогадовых узнагарод Experty.by мы ўручаем абсалютна незалежны «Прыз народных экспертаў» паводле ацэнак актыўных карыстальнікаў сайта, - адзначае кіраўнік праекта Зміцер Безкаравайны.

Голас народа ў цэлым супаў з выбарам крытыкаў. Па версіі народных экспертаў у лідарах таксама Троіца «Зімачка» (2011), толькі першае месца ў дадзеным выпадку прыйшлося падзяліць з Hvarna «Кола вяртанняў» (2010) і Cherryvata «ViaVanilla» (2009). Усе яны атрымалі ад карыстальнікаў сайта адзнаку 9 балаў роўна.

Напярэдадні пяцігоддзя быў таксама складзены першы несур'ёзны рэйтынг сайта. Самым строгім крытыкам пяцігодкі стаў Алег Клімаў, які ў суме паставіў дыскам 2179 балаў. На другім месцы Зміцер Безкаравайны (2250). Самымі добрымі экспертамі пяцігодкі сталі Сяргей Будкін (2302) і Зміцер Падбярэзскі (2312). З 2013 года ў склад штатных крытыкаў сайта таксама ўваходзяць Аляксандр Чарнуха (сайт Ultra-Music) і Ягор Цывілько (блог Broken CD).

Топ-5 беларускіх альбомаў 2008-2012

1. Троіца «Зімачка» (2011)

2. Зміцер Вайцюшкевіч «Ваячак» (2012)

3. Ляпіс Трубяцкі «Весёлые картинки» (2011)

4. Троіца «Сон-трава» (2008)

5. Палац «Кола грукатала» (2012)

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках