13 траўня 2024, панядзелак, 2:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэвальвацыя будзе ў верасні-кастрычніку?

176
Дэвальвацыя будзе ў верасні-кастрычніку?

Галоўныя донары беларускай эканомікі - Расея і Кітай - адмовілі Лукашэнку ў прамых крэдытах.

На мінулым тыдні прэс-служба Лукашэнкі выступіла з ацэнкай эканамічнай сітуацыі ў краіне: ніякай катастрофы ў беларускай эканоміцы няма, гандлёвае сальда на знешніх рынках станоўчае, пры гэтым паступова скарачаюцца складскія запасы прадпрыемстваў, паступаюць атрыманыя ад рэалізацыі сродкі, перадае «Голас Амерыкі».

Эканамісты даюць менш пазітыўную ацэнку таго, што адбываецца ў беларускай эканоміцы, адзначаючы яе практычна поўную залежнасць ад імпарту субсідаваных расейскіх энерганосьбітаў, а таксама прадказваючы ў найбліжэйшай будучыні чарговую дэвальвацыю нацыянальнай валюты.

Лукашэнка папярэдзіў Ермакову аб недапушчальнасці эмісійнага крэдытавання эканомікі і заявіў пра дадатковы эканамічны эфект для краіны, які нібыта стане адчувальны ў бліжэйшы час дзякуючы дамоўленасцям на агульную суму каля 1,5 млрд даляраў, дасягнутым з кітайскім бокам.

Аднак, як сцвярджаюць аналітыкі, беларускі кіраўнік некалькі хітруе, заяўляючы, што ён заручыўся міжнароднай фінансавай падтрымкай з боку Кітая. Прафесар Вышэйшай школы эканомікі ў Маскве Андрэй Суздальцаў адзначае, што два найбольш верагодных донара беларускай эканомікі - Расея і Кітай - фактычна адмовілі Лукашэнку ў прамых крэдытах, якія яму неабходныя сёння, як ніколі.

«Лукашэнка паехаў у Кітай, чакаючы вялікай падтрымкі. Аднак кітайцы прапанавалі толькі «звязаныя крэдыты», то ёсць пазыкі, звязаныя з пастаўкай у Беларусь кітайскіх тавараў, абсталявання, рабочых і спецыялістаў. Лукашэнка ж чакаў проста «падарунка», які Пекін даваць адмовіўся», - падзяліўся сваім меркаваннем Андрэй Суздальцаў.

Расея, па словах эканаміста, таксама адмовіла ў прамой пазыцы, таму ўсё, на што сёння можа спадзявацца беларускі рэжым, - гэта шосты па ліку транш 3-мільярднага крэдыту ЕўрАзЭС.

«Гэта будзе апошні транш у рамках умоў гэтага крэдыту. Гэтых грошай павінна хапіць, каб хоць нейкі час падтрымаць на плаву нацыянальную валюту», - мяркуе ён.

Аднак, кажа эксперт, нягледзячы на адмову Крамля «дарыць» Лукашэнку чарговы крэдыт, ролю Расеі ў падтрымцы беларускай эканомікі складана пераацаніць. Як адзначае аналітык, у рамках Адзінай эканамічнай прасторы Беларусь мае шырокамаштабны доступ да расейскага рынку, у тым ліку выхад на дзяржаўныя закупкі.

«Гэта значыць, магчымасці ў Беларусі ў гэтым плане каласальныя, аднак [беларускія ўлады] не могуць скарыстацца нават імі, паколькі беларуская эканоміка сёння абсалютна не канкурэнтаздольная. Расея ўвайшла ў СГА; там прысутнічаюць тавары з усяго свету, а беларускім вытворцам там няма чаго рабіць. Гэта прыводзіць да таго, што экспарт рэспублікі значна менш, чым імпарт», - адзначае Суздальцаў.

Між тым сур'ёзную верагоднасць эканамічнага крызісу ў Беларусі ў 2013 годзе яшчэ ў сакавіку прадказаў дырэктар нацыянальнай выведкі ЗША Джэймс Клэпер. У сваім дакладзе, прысвечаным сучасным пагрозам, ён адзначыў, што эканамічная сітуацыя ў Беларусі па-ранейшаму застаецца вельмі нестабільнай.

«Лукашэнка перажыў крызіс, які стаў самым моцным выпрабаваннем для яго ўлады з 1994 года. Карэкціроўкі і фінансавая дапамога з боку Расеі змякчылі большасць негатыўных наступстваў гэтага крызісу, а таксама прывялі да паступовага згасання апазіцыйнага руху «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі». Аднак эканамічная сітуацыя ў Беларусі застаецца хісткай, і адмова Лукашэнкі ад структурных рэформаў можа прывезці да таго, што краіну ахопіць новы эканамічны крызіс у 2013 годзе», - гаворыцца ў дакладзе за 2012 год, які аналітык прадставіў у Сенаце ЗША.

Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў ў чэрвені 2013 года склала 5 159 884 рублі (у траўні 2013 года – 4 988 338 рублёў), рабочых і служачых – 5 185 354 рубля (у траўні 2013 года – 5 008 838 рублёў).

Рэальная ж заработная плата (разлічаная з улікам інфляцыі) у студзені-траўні бягучага года ў параўнанні са студзенем-траўнем мінулага года павялічылася на 21,5%, паказваецца на афіцыйным сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта рэспублікі. У траўні, у параўнанні з красавіком, рэальная зарплата вырасла на 1,3%.

Трывогу з нагоды разрыву паміж высокім узроўнем заробкаў і нізкім узроўнем прадукцыйнасці б'юць не толькі незалежныя эксперты, але і некаторыя высокапастаўленыя чыноўнікі.

На думку аналітыкаў, усе гэтыя праблемы - неканкурэнтаздольнасць беларускай эканомікі, негатыўнае сальда знешняга гандлю і каласальная фінансавая залежнасць Менска ад Масквы - могуць стаць прадвеснікамі чарговай буйной дэвальвацыі нацыянальнай валюты.

«У такіх умовах дэвальвацыі рубля можна чакаць у самы бліжэйшы час. Ужо ў верасні-кастрычніку гэтага года мы можам стаць сведкамі істотнага паніжэння курсу беларускага рубля», - заключае Андрэй Суздальцаў.

Напісаць каментар 176

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках