Жыхар Светлагорска паабяцаў разбіць банкамат за тысячу «лайкаў»
5- 9.12.2014, 16:55
- 9,026
Паведамленне прыйшлося неўзабаве выдаліць, а за ўжо пабіты банкамат, які не вярнуў картку, маладзён адкажа паводле артыкула.
Нядаўна ў Светлагорску малады чалавек разбіў экран банкамата, які не вярнуў яму картку праз тэхнічны збой. У парыве гневу 20-гадовы хлопец не стрымаў эмоцый і ўдарыў па банкамату, разбіўшы шкло. Цяпер маладому чалавеку трэба будзе адказаць за хуліганства, піша «Комсомольская правда в Беларуси».
Але на гэтым гісторыя не скончылася. На сваёй старонцы ў сацсетцы «Вконтакте» хлопец напісаў:
- Калі гэты запіс набярэ 1000 лайкаў, пайду другі разаб'ю!
Паведамленне сапраўды пачало набіраць лайкі, але неўзабаве знікла са старонкі хулігана:
- Я выдаліў запіс, але гэта не маіх рук справа, - паўнамёкам патлумачыў. На просьбу ўдакладніць, ці выдалены запіс на патрабаванне праваахоўных органаў, хлопец нічога не сказаў. Але адзначыў, што паведамленне паспела набраць блізу 30 лайкаў.
Як пракаментавалі ў УСК Гомельскай вобласці, выказванне пра намер ўчыніць злачынства «з'яўляецца падставай для правядзення органам дазнання праверкі ў парадку артыкула 174 КПК Беларусі для ўстанаўлення абставінаў, якія сведчаць аб падрыхтоўцы да злачынства». Гэта значыць, для таго, каб усталяваць, ці рыхтуецца на самай справе чалавек да злачынства і проста гуляецца на публіцы.