18 красавiка 2024, Чацвер, 23:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: У Ізраіля хопіць палітычнай волі адклікаць амбасадара Шагала

16
Станіслаў Шушкевіч: У Ізраіля хопіць палітычнай волі адклікаць амбасадара Шагала

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі назваў заявы Іосіфа Шагала недапушчальнымі.

Пра гэта Станіслаў Шушкевіч сказаў у каментары сайту charter97.org.

«Гэты чалавек займае актыўную антыбеларускую пазіцыю і, што самае дрэннае, у нас знайшліся так званыя «апазіцыянеры» тыпу Мілінкевіча і Някляева, якія сустрэліся з ім і фактычна падтрымалі яго. Дзякуй Богу, што ёсць такія палітыкі, як Анатоль Лябедзька, якія сказалі, што трэба рабіць на самай справе. Дзякуй Богу, што ёсць Ірына Халіп, якая зразумела патлумачыла, хто такі Шагал.

Што мяне дзівіць, дык гэта тое, што ні Мілінкевіч, ні Някляеў, якія часта сустракаліся з польскімі палітыкамі, «не заўважылі», што амбасадар Ізраіля абразіў яшчэ і Польшчу. Бо ён сказаў, што Еўропа і, у першую чаргу, Варшава лічаць тых, каго ён назваў «крымінальнікамі», палітвязнямі і патрабуюць санкцый у дачыненні да Менску. Гэта абсалютна недапушчальныя паводзіны для амбасадара і гэта ніяк не дадае пашаны для такой дэмакратычнай дзяржавы, як Ізраіль, якая выдатна ведае, што такое палітвязні, што такое Халакост», - заявіў Станіслаў Шушкевіч.

Палітык, як і многія іншыя апазіцыйныя лідары, упэўнены, што Іосіф Шагал павінен пакінуць пасаду амбасадара ў Беларусі.

«Калі спадар Шагал папрасіў прабачэння за тое глупства, якое прыйшло ў ягоную галаву і якое ён агучыў, то нейкая размова яшчэ можа быць. У адваротным выпадку, Ізраіль павінен адклікаць гэтага дыпламата, які заляцаецца да дыктатара. Трымаць такога амбасадара ў Беларусі - значыць падтрымліваць самыя антыдэмакратычныя, самыя антыбеларускія дзеянні Лукашэнкі. Упэўнены, што ў Ізраіля хопіць палітычнай волі адклікаць Іосіфа Шагала з Беларусі».

Нагадаем, некалькі дзён таму амбасадар Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал у інтэрв'ю каналу RTVI заявіў, што з пункту гледжання Ізраіля беларускія палітвязні з'яўляюцца крымінальнікамі. Гэта заява была раскрытыкаваная сваякамі палітычных вязняў і апазіцыяй.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках