Нацбол Паліенка правядзе на Акрэсціна 10 сутак
2- 8.05.2014, 19:28
- 4,963
У Менску працягваюцца прэвентыўныя затрыманні апазіцыйных актывістаў напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі.
Нацбола Дзмітрыя Паліенку прысудзілі 10 сутак арышту.
Як паведамляе прэс-служба аргкамітэта ў стварэнні нацыянал-бальшавіцкай партыі, Паліенка быў затрыманы днём 8 траўня. «На працягу некалькіх апошніх дзён супрацоўнікі міліцыі дзяжурылі на яго лесвічнай клетцы, а таксама пад вокнамі. І спрабавалі выбавіць Змітра з дома з дапамогай розных хітрыкаў і правакацый. Нават самавольна адключалі электраэнергію ў яго кватэры», - гаворыцца ў паведамленні.
Сёння супрацоўнікам праваахоўных органаў усё ж такі ўдалося скарыстацца момантам і затрымаць актывіста.
Суддзя суда Заводскага раёна Менска пакарала актывіста да 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Маладзён у знак пратэсту абвясціў галадоўку наўпрост падчас судовага пасяджэння, піша БелаПАН.
Нагадаем, 4 траўня нацболы правялі ў Менску акцыю, якая была прымеркаваная да адкрыцця чэмпіянату свету па хакеі. У галоўнага ўваходу ў парк Чэлюскінцаў яны павесілі расцяжку з сімвалічнай фатаграфіяй Лукашэнкі ў цэнтры і надпісам «Усіх не пасадзіш!». Мэта акцыі - звярнуць увагу грамадзян, уладаў і замежных турыстаў на вострую праблему палітычна матываваных рэпрэсій супраць грамадскіх і апазіцыйных актывістаў Беларусі.