Дзярждэп ЗША: Расея далей узбройвае тэрарыстаў у Данбасе
- 24.06.2014, 10:59
- 7,493
У Вашынгтоне бачаць довады далейшай вайсковай падтрымкі тэрарыстаў на ўсходзе Украіны з боку РФ.
Пра гэта заявіла прадстаўніца Дзярждэпартамента ЗША Мары Харф.
«Мы бачылі довады далейшай расейскай вайсковай падтрымкі сепаратыстаў і новага сталага нарошчвання расейскіх войскаў на мяжы», - сказала Харф на брыфінгу, піша РБК.
«На мінулым тыдні, 13 чэрвеня, Расея накіравала танкі з паўднёвага-захаду Расеі ва ўсходнюю Украіну. І ў нас ёсць інфармацыя, што для перакідання з таго ж месца былі гатовыя дадатковыя танкі. 20 чэрвеня АБСЕ перадала сведчанні відавочцаў, якія бачылі, як вайсковы канвой без апазнавальных знакаў перасякаў Луганск. У гэтай калоне былі танкі і бронетранспарцёры», - адзначыла прадстаўніца Дзярждэпу.
«У нас таксама ёсць наземныя фатаграфіі знішчаных рэактыўных сістэм залпавага агню БМ-21 у Луганску, якія першапачаткова належалі расейскай мотастралковай брыгадзе. Такім чынам, ёсць шмат інфармацыі пра тое, што танкі, ракетныя ўстаноўкі з Расеі перасякаюць мяжу Украіны», - падкрэсліла Харф.
Яна таксама заявіла, што расейскія звесткі аб велізарным ліку бежанцаў з Украіны няслушныя.
«Так, яны непраўдзівыя», - сказала Харф, адказваючы на пытанне журналіста.
Фота: EPA