Пад Запарожжам падарваны чыгуначны мост
1- 24.06.2014, 12:32
- 9,210
Мост у Запарожскай вобласці быў пашкоджаны ноччу 24 чэрвеня.
Паведамленне аб здарэнні паступіла ў дзяжурную частку Арэхаўскага райаддзела абласной управы міліцыі а 2.20 ночы паводле мясцовага часу, піша Інтэрфакс са спасылкай на аддзел сувязяў з грамадскасцю Галоўнай управы МУС Украіны ў Запарожскай вобласці.
Паводле звестак СМІ, у выніку здарэння ахвяр і пацярпелых няма. Аднак рух цягнікоў па лініі цалкам спынены. У прыватнасці, на пад'ездах да месца падзеі быў спынены пасажырскі цягнік Бярдзянск - Днепрапятроўск.
Як адзначаецца ў паведамленні, на месца выехала кіраўніцтва аблуправы міліцыі і аператыўных службаў, выбуховатэхнічныя і кіналагічная службы, крыміналістычная лабараторыя і следча-аператыўная група. Падзея зарэгістравана ў Адзіным рэестры, крымінальную справу будзе праводзіць Служба бяспекі Украіны.
Праз горад Арэхаў праходзіць неэлектрафіканная чыгуначная лінія, якая злучае Запарожжа з Бярдзянскам, Марыупалем і Данецкам. Горад стаіць на рацэ Конка; чыгуначны мост перакінуты праз яе. Арэхаў знаходзіцца на ўсход ад Запарожжа ў 63 км ад абласнога цэнтра.