БАТЭ выйшаў у трэцяе кола кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў
8- 23.07.2014, 7:42
- 10,029
22 ліпеня ў матчы ў адказ другога кваліфікацыйнага кола БАТЭ на выездзе згуляў унічыю 1:1 з албанскім «Скендэрбэу».
У барысаўцаў на 29-й хвіліне вызначыўся Анры Хагуш, галавой замкнуўшы накід Максіма Валадзько. На 67-й хвіліне лік сквітаў Марка Радаш, пасля стрэлу якога мяч не змог утрымаць брамнік БАТЭ Сяргей Чэрнік.
Першы матч, які адбыўся 15 ліпеня ў Барысаве, таксама не выявіў пераможцу - 0:0.
У наступнае кола беларускі клуб прайшоў за кошт гола на чужым полі.
Спаборнікам БАТЭ ў трэцім коле кваліфікацыі стане пераможца пары «Дэбрэцэн» (Вугоршчына) - «Кліфтанвіл» (Паўночная Ірландыя). Першы матч гэтых камандаў у Белфасце закончыўся ўнічыю - 0:0.
Матчы трэцяга кваліфікацыйнага кола пройдуць 29/30 ліпеня і 5/6 жніўня.