Хуліган з Берасця трапіў на старонкі брытанскага таблоіда
14- 8.08.2014, 16:15
- 20,451
Гісторыя берасцейскага студэнта, які запхнуў у смеццевы бак бяздомнага старога, дайшла нават да Вялікабрытаніі.
Артыкул аб гэтым выпадку з'явіўся ў буйным брытанскім таблоідзе The Daily Mirror, піша «Наша Нiва».
Але не абышлося і без памылак. Са слоў журналіста брытанскай газеты, штраф склаў 1.600 фунтаў (амаль 28 мільёнаў беларускіх рублёў) і гэтыя грошы будуць выплачаныя пацярпеламу. Тады як напраўду суд абавязаў хлопца выплаціць 3 750 000 рублёў. Прычым - на карысць дзяржавы. А маральную шкоду старому, які той ацаніў усяго ў 100 тысяч рублёў, студэнт кампенсаваў раней.
Гэтая гісторыя адбылася яшчэ ў кастрычніку 2013 года.
Тады ў берасцейскую міліцыю звярнуўся мужчына, які паведаміў, што ўбачыў у інтэрнэце відэаролік, дзе старога пхаюць у смеццевы бак.
У хуткім часе быў знойдзены і хуліган - 21-гадовы студэнт, і ягоная ахвяра - 62-гадовы бяздомны. Са слоў пацярпелага, ён шукаў у смеццевым баку ежу для сваіх котак, калі хлопец падбег да яго і запхнуў у бак.
У лютым была распачатая крымінальная справа, але неўзабаве яе закрылі і наважылі прыцягнуць хлопца да адміністрацыйнай адказнасці. Суд прызнаў маладога чалавека вінаватым у дробным хуліганстве, і абавязаў яго выплаціць 25 базавых адзінак у якасці штрафу. Да таго ж, хлопца адлічылі з універсітэту.