Пяць краін NATO будуць пастаўляць зброю ва Украіну
21- 7.09.2014, 17:42
- 30,100
ЗША, Францыя, Італія, Польшча і Нарвегія пагадзіліся на пастаўку зброі Украіне.
Пра гэта паведаміў Юрый Луцэнка, дарадца Пятра Парашэнкі, у сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук». Гэтыя ж дзяржавы паабяцалі накіраваць у краіну сваіх вайсковых дарадцаў, якія зоймуцца навучаннем украінскага войска.
Напісаў Луцэнка і свой прагноз развіцця падзей на ўсходзе Украіны. З ягоных слоў, прыкладам можа паслужыць гісторыя вайны ў Югаславіі. Войску гэтай краіны ўдалося выбіць харвацкія часткі з Вуковара, і Заграбу прыйшлося пагадзіцца на незалежнасць Сербскай Краіны. «Тры гады харваты не проста цярпелі, а ўдасканальвалі свае ўзброеныя сілы. А потым танкавай атакай змялі сепаратыстаў са сваёй зямлі», - піша ён.
Нагадаем, 5 верасня ў Менску было ўкладзенае пагадненне аб спыненні агню на ўсходзе Украіны. За дзень да гэтага прэзідэнт Парашэнка падчас выступу на саміце NATO паведаміў, што Украіна дамовілася з некалькімі чальцамі Альянсу аб вайскова-тэхнічным супрацоўніцтве ў смяротным і несмяротным узбраенні, уключаючы высокадакладную зброю.
Сёння стала вядома, што тэрарысты і расейскія войскі парушылі перамір'е і абстралялі пазіцыі ўкраінскіх сіл пад Марыупалем і ў ваколіцах Данецка.