5 сакавiка 2024, aўторак, 13:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: Уладам будзе вельмі цяжка дамагчыся прызнання «выбараў»

10
Алесь Бяляцкі: Уладам будзе вельмі цяжка дамагчыся прызнання «выбараў»

Праваабаронца Алесь Бяляцкі распавёў пра візіт Ярмошынай у Аўстрыю, аб пазіцыі Еўропы ў дачыненні да беларускіх «выбараў» і патрэбных зменах у выбарчым заканадаўстве.

Старшыня Цэнтральнай камісіі выбараў і правядзення рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына і прадстаўнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Валянцін Стэфановіч 20 ліпеня выступілі ў Вене на канферэнцыі АБСЕ, прысвечанай ацэнцы міжнародных стандартаў і абавязанняў для правядзення свабодных, справядлівых і дэмакратычных выбараў, паведамляе «Радыё Рацыя».

«Новай была інфармацыя аб імплементацыі рэкамендацый у арганізацыі галасавання для інвалідаў па зроку. Акрамя таго, Ярмошына нагадала, што 11 кастрычніка ў Беларусі пройдуць прэзідэнцкія выбары, на якія ў якасці назіральнікаў запрошаныя прадстаўнікі міжнародных арганізацый», - адзначыў праваабаронца. Сам Стэфановіч, выступаючы перад прысутнымі, падкрэсліў, што пры адсутнасці палітычнага плюралізму, ва ўмовах абмежавання свабоды асацыяцыяў і сходаў цяжка казаць пра дэмакратычныя выбары ў любой краіне.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі адзначыў, што беларускім уладам будзе вельмі цяжка дамагчыся прызнання «выбараў».

- Дрэнна тое, што Ярмошыну ўжо пускаюць у Еўропу. Невыязныя чыноўнікі шукаюць такія «дзіркі» ў заканадаўстве, каб праскочыць на рознага роду міжнародныя мерапрыемствы. Атрымліваецца, што санкцыі ўжо як бы і не дзейнічаюць. Тым больш, старшыня ЦВК паехала на канферэнцыю АБСЕ падчас выбарчай кампаніі, якая ўжо непразрыстая. Яна праходзіць у непразрыстай сітуацыі. Гэта сведчыць аб тым, што механізмы санкцый недасканалыя і не ахопліваюць ўсе выпадкі.

- А можа гэта Еўропа робіць беларускім уладам яшчэ адзін крок насустрач, паказвае сваю адкрытасць?

- Гэта не першы выпадак, калі чыноўнікі з «чорнага спісу» трапляюць за мяжу - у ААН ездзяць, яшчэ кудысьці.

- На ваш погляд, ці можа Еўропа прызнаць гэтыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі?

- Усё будзе залежаць ад таго, як яны пройдуць. Для гэтага ж назіральнікі АБСЕ ў краіну і прыехалі. Але выбарчае заканадаўства амаль не змянілася, рэкамендацыі місіі АБСЕ практычна не улічаныя... Уладам будзе вельмі цяжка дамагчыся прызнання выбараў. І гэта амаль немагчыма.

- А аванс могуць выдаць, як гэта было ў выпадку, калі Беларусь прынялі ў Балонскі працэс?

- Авансу не будзе, пакуль не будзе вынікаў выбараў, якія павінны быць свабоднымі. Для гэтага трэба мяняць заканадаўства, што не зроблена. Касметычныя змены ва ўлік не бяруцца. Трэба рабіць празрыстай працэдуру падліку галасоў, трэба рабіць сам працэс больш дэмакратычным... Але выбары ўжо пачаліся, ніхто нічога змяняць не будзе.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках