5 сакавiка 2024, aўторак, 14:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новыя свабодныя выбары выведуць Беларусь з тупіка

39
Новыя свабодныя выбары выведуць Беларусь з тупіка

Апазіцыйныя структуры прынялі заяву аб сваім няўдзеле ў выбарчым фарсе.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

Аўтары заявы канстатуюць, што ў Беларусі няма сумленных і справядлівых выбараў, таму як дзяржава абмяжоўвае магчымасці палітычнай дзейнасці грамадзян, асноўныя СМІ, у тым ліку тэлевізія, манапалізаваныя дзяржавай і сталі «інструментам прапаганды на карысць аднаго чалавека».

Акрамя таго, у заяве гаворыцца пра тое, што выбарчыя камісіі фармуюцца выключна з лаяльных да дзейнай улады грамадзян (чальцоў апазіцыйных партый у іх менш за адзін працэнт), і гэта дае падставы сцвярджаць, што чарговым разам не будзе праводзіцца рэальны падлік галасоў выбаршчыкаў, а ў выбаршчыкаў не будзе магчымасці бачыць працэс падліку бюлетэняў.

«Залежных ад улады грамадзян прымусяць удзельнічаць у датэрміновым галасаванні, пракантраляваць якое немагчыма, а вынікі яго заўсёды - амаль 100% на карысць праўладных кандыдатаў», - гаворыцца ў дакуменце.

Таксама ў дакуменце канстатуецца, што ў 2015 годзе не адбылося пазітыўных зменаў ні ў выбарчым заканадаўстве, ні ў правапрымяняльнай практыцы, усё менш людзей бяруць удзел у выбарах у якасці кандыдатаў «праз усведамленне немагчымасці перамогі ў кампаніях, якія з'яўляюцца не выбарамі, а імітацыяй», а колькасць тых, хто галасуе, скарачаецца, паколькі людзі «уважаюць гэта за бессэнсоўнае».

«Мы заяўляем пра свой няўдзел у выбарчым фарсе і нагадваем грамадзянам Беларусі аб іх праве, якое замацаванае ў артыкуле 65 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, асабіста вызначаць, удзельнічаць ім у галасаванні ці не», - сказана ў заяве.

Акрамя таго, аўтары тэксту патрабуюць правядзення ў Беларусі свабодных і сумленных выбараў паводле стандартаў АБСЕ, якія адновяць давер людзей да дзяржавы, «выведуць краіну з эканамічнага і палітычнага тупіка і створаць магчымасць для цывілізаванага дэмакратычнага развіцця».

«Мы заяўляем, што будзем рабіць усё, што ад нас залежыць, каб вярнуць павагу да людзей і вярнуць ім права выбару», - адзначаецца ў тэксце.

Заява прынятая паводле вынікаў круглага стала «Выбарчая кампанія - 2015: ацэнкі і высновы», які адбыўся 10 верасня ў офісе Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Свае подпісы пад ім паставілі паэт і лідар створанага руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі» Уладзімір Някляеў, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард, кіраўніца аргкамітэта для стварэння беларускай жаночай партыі «Надзея» Алена Яськова, намеснік старшыні АГП Леў Марголін, намеснік старшыні аргкамітэта для стварэння Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Алесь Арастовіч, сустаршыня аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, сябра палітрады АГП Віктар Карняенка і грамадскі актывіст Вацлаў Арэшка.

Пры гэтым, як адзначалася падчас круглага стала, свае подпісы пад заявай прадстаўнікі дэмсіл мелі намер паставіць не як прадстаўнікі пэўных структур, а персанальна - як грамадзяне Беларусі. У выніку ў тэксце звароту іх пасады не фігуруюць, а тэкст пазіцыянуецца як «заява грамадзян Рэспублікі Беларусь».

Варта адзначыць таксама, што заява з'яўляецца адкрытай, аўтары прапануюць падпісацца пад ёй усім ахвотным.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках