5 сакавiка 2024, aўторак, 14:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Франак Вячорка: Ігнараванне гэтых «выбараў» адбываецца само па сабе

6
Франак Вячорка: Ігнараванне гэтых «выбараў» адбываецца само па сабе

Людзі настолькі расчараваныя ў Лукашэнку, што дэмакратычным сілам трэба проста пракантраляваць нізкі прыход на ўчасткі.

Сваімі ўражаннямі ад апошняга месяца «выбарчай» кампаніі ў Беларусі ў інтэрв'ю charter97.org падзяліўся моладзевы лідар, журналіст Франак Вячорка.

- Якое ўражанне вырабляе на вас гэтая «выбарчая» кампанія? У чым яе адрозненне ад папярэдніх?

- Як і чакалася, гэта самая нецікавая - ні для народа, ні для грамадскіх актывістаў - кампанія. Калі ацэньваць удзел 4-х кандыдатаў, зарэгістраваных Лідзіяй Ярмошынай - усе яны зарэгістраваныя паводле прынцыпу карыснасці для Аляксандра Лукашэнкі.

Мы маем справу з несапраўдным прарасейскім кандыдатам, несапраўдным «праапазіцыйным» кандыдатам, проста несапраўдным Сяргеем Гайдукевічам і Лукашэнкам, які паводле гэтай формулы павінен быць «меншым злом» для абывацеля.

Я мяркую, што Ярмошына і ўрад вельмі спадзяюцца на прыход на гэтых «выбарах», разлічваючы на прызнанне вынікаў і сваю легітымізацыю на Захадзе. Таму для назіральнікаў і апазіцыі прыход - гэта адзінае, што можна і трэба пракантраляваць.

Я не бачу асаблівага сэнсу ў агітацыі, асабліва за такіх «кандыдатаў», і ў назіранні за падлікам галасоў, бо адшліфаваная гадамі машына фальсіфікацый не дае назіральнікам рэальна прасачыць за лічбамі, якія публікуюцца ў выніковых пратаколах.

У кожным выпадку - я не веру ў прызнанне гэтых «выбараў» Захадам. Мне ўдалося пагаварыць з некаторымі назіральнікамі БДІПЧ АБСЕ, якія ўжо некалькі месяцаў працуюць у Менску і рэгіёнах. У іх ёсць пэўнае расчараванне: ускладаліся надзеі на хоць нейкую «лібералізацыю», хоць бы на ўзроўні 2010 года, але Лукашэнка баіцца ісці нават на гэта. Таму ўсё прадказальна, і Лукашэнка не дачакаецца ніякіх прызнанняў.

- Акрамя міжнароднага непрызнання, якім чынам дэмакратычныя сілы маглі б зламаць гэтую гульню ўладаў у «выбары»?

- Я думаю, адзіны спосаб для дэмакратычна апазіцыі перайграць ўладу - гэта не гуляць паводле яе правілаў. «Выбары» праходзяць з выкарыстаннем рэпрэсіўнага апарата, па схеме, якая мае прадказальны фінал. І для апазіцыі адзіны выхад - гэта ламаць шаблоны, дзейнічаць непрадказальна, праводзіць крэатыўныя акцыі, далучаць новых людзей.

Калі сітуацыя ў Беларусі будзе мяняцца - яна будзе мяняцца не на «выбарах». І Майдан, і Малдова, і Арменія паказалі, што гэта цалкам магчыма. «Выбары» толькі заганяюць нас у пастку гэтага дня галасавання, пасля якога, як правіла, надыходзіць апатыя і ўзмацненне рэпрэсій.

Калі «выбары» з'яўляюцца такі пасткай - ці мае сэнс наогул у іх удзельнічаць?

- Ігнор гэтых «выбараў» адбываецца сам па сабе. Я цяпер у Менску сустракаюся і размаўляю з рознымі людзьмі, асабліва з «сацыяльных» прафесій: кіроўцамі, таксістамі, кандуктарамі, прадаўцамі. І я пакуль не сустрэў ніводнага чалавека, які б агітаваў за ўдзел - нават сярод праціўнікаў апазіцыі.

Вылучэнне «кандыдатаў» - гэта спроба спакаваць гэтыя «выбары» ў бліскучую, прыцягальную абгортку. Але людзі настолькі расчараваныя ў цяперашняй уладзе, што іх нават і гэтая «абгортка» не матывуе з'явіцца на ўчасткі. Я думаю, што прыйсці туды іх не спакусіць нават танная гарэлка па 8500 рублёў, якая прадаецца цяпер у кожнай кавярні.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках