26 красавiка 2024, Пятніца, 22:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БАЖ звярнулася ў адміністрацыю Лукашэнкі праз пераслед журналістаў-фрылансераў

Кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў просіць растлумачыць сітуацыю з пераследам аўтараў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ.

У звароце на імя кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Аляксандра Касінца сярод іншага адзначаецца:

«4 жніўня мінулага года Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне пра выпадкі пераследу беларускіх журналістаў-фрылансераў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ, сказаў: «Я думаю, што гэта глупства... Забараняць - гэта не мой прынцып. Я вывучу гэтую праблему. Што тычыцца гэтых штрафаў, таксама вывучым. Людзі ж не багатыя, і я разумею. Я вам абяцаю, што я разгледжу гэтае пытанне. Не таму, што мы з вамі сустракаемся, а таму што вы, мабыць, маеце рацыю тут. Мы паглядзім на гэтую праблему».

Аднак у канцы снежня - пачатку студзеня стала вядома аб распачынанні ў Гомельскай вобласці адразу трох адміністрацыйных спраў супраць беларускіх журналістаў, матэрыялы якіх з'явіліся ў замежных СМІ.

28 снежня гомельскі журналіст Кастусь Жукоўскі атрымаў два выклікі ў міліцыю ў сувязі з сюжэтамі, паказанымі па тэлеканале «Белсат», для складання пратаколаў паводле арт.22.9 КаАП.

24 снежня такі пратакол быў складзены і ў дачыненні да гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай.

Аднаўленне такой практыкі мы ўважаем за недапушчальную.

У сувязі з важнасцю паднятай праблемы ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»:

- Выказвае занепакоенасць у сувязі з аднаўленнем адміністрацыйнага пераследу журналістаў за выкананне іх прафесійных абавязкаў;

- Заклікае садзейнічаць спыненню неабгрунтаванага ўмяшання супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у права журналістаў на свабоднае атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне інфармацыі, свабоду выказвання меркаванняў і перакананняў, гарантаваныя артыкуламі 33 і 34 Канстытуцыі Беларусі.

Прапануем разгледзець пытанні, выкладзеныя ў звароце, на сустрэчы з удзелам службовых асоб адміністрацыі Лукашэнкі, іншых дзяржаўных органаў, прадстаўнікоў ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» і іншых зацікаўленых арганізацый і асобаў».

У дадатак да звароту ў адміністрацыю Лукашэнкі была накіраваная заява ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» з нагоды ўзмацнення ціску на журналістаў-фрылансераў, абгрунтаванне неправамернасці прыцягнення да адказнасці журналістаў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ, а таксама перапіска ГА «БАЖ» у гэтай справе з Вярхоўным судом , МУС, Генеральнай пракуратурай і КДБ Беларусі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках