26 красавiка 2024, Пятніца, 10:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Калі тарыфы ЖКГ і панізяць, то не нашмат і не надоўга

28
Калі тарыфы ЖКГ і панізяць, то не нашмат і не надоўга

У дзяржбюджэце няма грошай на датацыі ў сістэме ЖКГ.

1 сакавіка на разгляд Аляксандра Лукашэнкі будуць пададзеныя новыя тарыфы жыллёва-камунальных паслуг. Гэтага запатрабаваў тыдзень таму сам дыктатар, і гэта ж пацвердзіў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў.

Студзеньскія тарыфы, сказаў ён, былі сфармаваныя не разліковым метадам, а «са столі». А яшчэ сказаў, што іх зменшаць - праўда, не ўдакладніў, на колькі. З ягоных слоў, рабочая група з прадстаўнікоў КДК, Саўміна і Адміністрацыі прэзідэнта займаецца пералікам тарыфаў з улікам рэальных выдаткаў. Чакаецца, што Лукашэнка сам зацвердзіць новыя тарыфы і яны не будуць змяняцца надалей да яго асаблівага загаду, піша сайт naviny.by.

Прагназаваць, ці знізяцца тарыфы паслуг ЖКГ пасля зладжанага прэзідэнтам разносу, і наколькі менавіта, - гэта варажба на кававай гушчы, мяркуе дырэктар Міжнароднай асацыяцыі мэнэджмэнту нерухомасці Генадзь Каленаў.

«Тэарэтычна здарыцца можа ўсё, што заўгодна. Калі прыватнік фармуе тарыф, напрыклад, на абслугоўванне дамафона, - ніхто не прымусіць яго паменшыць гэты тарыф. А вось калі манапаліст фармуе тарыф на цяпло, яго могуць знізіць. Узнікае пытанне - за кошт каго будуць кампенсаваць выдаткі? Калі за кошт сродкаў бюджэту, усё адно за памяншэнне тарыфу плаціць давядзецца людзям. А вось калі за кошт выдаткаў манапаліста - іншая справа. Гэта прымусіць пастаўшчыкоў цяпла, вады шукаць унутраныя рэзервы эканоміі», - мяркуе экспэрт.

Ён мяркуе, што лічбы ў рахунках за люты будуць меншыя за студзеньскія, бо многім зробяць пераразлік у сувязі з дапушчанымі тэхнічнымі памылкамі. Акрамя таго, люты - кароткі месяц, моцных маразоў не было, значыць, менш затрачана цеплаэнэргіі.

Тыя, хто меў права павялічыць тарыфы, мае яго і каб паменшыць, кажа кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін.

«Гэта будзе зробленае для таго, каб стварыць добры імідж улады ў вачах народа, але зробленае будзе на кароткі тэрмін. Успомніце наступствы акцыі «Стоп-бензін», у выніку якой быў зніжаны кошт аўтамабільнага паліва. Праз некаторы час кошты ўсё роўна падвысіліся. Так і з тарыфамі паслуг ЖКГ. На кароткі тэрмін іх могуць адкруціць назад, а потым падвысіць у неацяпляльны сезон».

У дзяржаўным бюджэце цяпер няма грошай, каб падтрымліваць датацыі ў сістэму ЖКГ на ранейшым узроўні. Таму калі зніжэнне тарыфаў жыллёва-камунальных паслуг і адбудзецца, то неістотнае і толькі на кароткі тэрмін. Акрамя таго, падвышэнне тарыфаў з'яўляецца адным з умоў выдачы Беларусі крэдыту Міжнароднага валютнага фонду. А кіраўніцтву Беларусі ой як патрэбныя цяпер гэтыя тры мільярды даляраў. У дадатак да нашых пацяжэлых рахункаў.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках