28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: Ключ да пераменаў у Беларусі ў нашым адзінстве

6
Мікалай Статкевіч: Ключ да пераменаў у Беларусі ў нашым адзінстве
МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ
ФОТА: «Наша Ніва»

Апазіцыя павінна праявіць адзінства і на саміх «выбарах», і ў адказе ўладам на іх фальсіфікацыю.

Пра гэта адзін з лідараў беларускай апазіцыі, экс-кандыдат у прэзідэнты 2010 года Мікалай Статкевіч заявіў у інтэрв'ю charter97.org, каментуючы падпісаны сёння ў Брусэлі дакумент «Агульная пазіцыя дэмакратычных сіл аб «парламенцкіх выбарах» у Беларусі».

- Як выпрацоўваўся і прымаўся гэты дакумент?

- Агульная пазіцыя дэмакратычных сілаў была выпрацаваная яшчэ да паездкі лідараў апазіцыі ў Брусэль. Яна была ўзгодненая і выпрацаваная тут, у Беларусі.

Гэта наша ацэнка тых варункаў, у якіх будуць праходзіць «парламенцкія выбары» ў Беларусі. На жаль, гэтая адзнака на сённяшні дзень абсалютна негатыўная, і гэта цалкам аб'ектыўна.

Агульная пазіцыя наконт «выбараў» была падпісаная лідарамі дэмакратычных сіл у Менску (яе падпісалі Анатоль Лябедзька, Мікалай Статкевіч, Віталь Рымашэўскі, Сяргей Калякін, Ірына Вештард, Юрась Губарэвіч, Аляксей Янукевіч, Уладзімір Някляеў - рэд.), а затым агучаная нашымі калегамі ў Брусэі.

- Ці паўплывае гэты дакумент на пазіцыю Еўразвязу наконт «выбараў» у Беларусі?

- Паўплывае, але не ў той ступені, у якой бы хацелася. Галоўны сродак, якім мы можам паўплываць і на «выбары», і на пазіцыю ЕЗ што да Беларусі - гэта наша адзінства на саміх «выбарах» і наша годная, адэкватная рэакцыя на тое, як улады іх правядуць.

Калі наша рэакцыя на фальсіфікацыі ўладаў будзе сапраўды вострай, тады гэта паўплывае і на ацэнкі АБСЕ. Але калі мы будзем «ваяваць» толькі заявамі, то нам гэта не дапаможа.

- Можна ўважаць падпісанне гэтага дакумента за яшчэ адзін крок у аб'яднанні апазіцыі?

- Супольная заява - гэта пэўны прагрэс на шляху аб'яднання дэмсілаў. Але адна справа - даць агульную ацэнку сітуацыі, а зусім іншая - рэальна аб'яднацца і дзейнічаць разам, у тым ліку ахвяраваўшы часткай так званага «партыйнага суверэнітэту».

Магу сказаць адно: мы праводзім кансультацыі на тэму адзінства апазіцыі на «выбарах». Беларускі нацыянальны кангрэс у Менску даў штуршок гэтым кансультацыям. Я пакуль не магу казаць пра падрабязнасці, бо перамовы яшчэ прадаўжаюцца, але яны павінны прывесці да станоўчага выніку.

Я выступаў на пасяджэнні Камісіі ў міжнародных справах Еўрапарламента. Там я расказаў пра Кангрэс, у якіх варунках ён праходзіў, як людзі пераадолелі страх рэпрэсій, каб даць шанец аб'яднанню апазіцыі. Я думаю, што гэты парыў і гатоўнасць людзей да аб'яднання не знікнуць дарма.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках