26 красавiка 2024, Пятніца, 11:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У актывіста апісалі маёмасць за салідарнасць з Пальчысам

14
У актывіста апісалі маёмасць за салідарнасць з Пальчысам
Фота: «Радыё Свабода»

Выканаўцу суда не спыніла нават тое, што маёмасць актывісту руху «За свабоду» не належыць.

У актывіста руху «За свабоду» Віктара Кулака 18 студзеня судовы выканаўца з суда Маскоўскага раёна Менска апісаў маёмасць за нявыплачаныя штрафы. Актывіст кажа, што апісаная маёмасць яму не належыць і аб гэтым выканаўцу было сказана, але супрацоўніка суда гэта не спыніла. Таксама актывіст адмаўляе інфармацыю, што нібыта не аплаціў адзін з прысуджаных яму штрафаў, паведамляе «Радыё Свабода».

«Судовы выканаўца прыйшоў у кватэру, дзе жывем я з маці, а таксама мая пляменніца з сужыцелем і двое іх дзяцей. Апісаў усе рэчы, якія толькі магчыма: два тэлевізары, лядоўню, бытавыя прылады, у тым ліку электрычны чайнік, шмат чаго яшчэ. Але гэта рэчы ці маёй маці, ці маёй пляменніцы, у якой свая сям'я, прычым вялікая.

І што цяпер будзе, як ім жыць? Як цяпер у судзе давесці, што гэта яны набылі тыя рэчы, калі чэкаў не захавалі, а некаторыя рэчы набывалі з рук? І яшчэ высветлілася, што ў судовага выканаўцы недакладныя звесткі. Паводле ягоных дакументаў, на мне нібыта лічацца два нявыплачаныя штрафы, на 525 і 630 рублёў. Але гэты большы штраф я даўно выплаціў, ёсць адпаведныя дакументы. Нічога слухаць не хочуць!» — абураецца актывіст.

Віктара Кулака суд двойчы аштрафаваў за ўдзел у пікетах салідарнасці з блогерам Эдуардам Пальчысам, якога судзілі ў кастрычніку мінулага года. Са слоў сустаршыні БХД Паўла Севярынца, за пікеты ў абарону Эдуарда Пальчыса было складзена больш за 80 пратаколаў, актывісты атрымлівалі штрафы ад 25 да 50 базавых адзінак. Ніводзін штраф абскардзіць не ўдалося.

«Я таксама спрабаваў абскардзіць судовыя пастановы, якія мне вынес суд, але дарэмна. З тых часоў шукаю грошы, каб выплаціць штрафы. Адзін змог выплаціць, другі пакуль не», - кажа аб сваёй сітуацыі актывіст.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках