8 траўня 2024, Серада, 9:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка не давярае сваёй «вертыкалі»

61
Лукашэнка не давярае сваёй «вертыкалі»

Структурны крызіс у Беларусі пагаршаецца.

Аналітычны цэнтр «Стратэгія» і Навукова-даследчы цэнтр Мізеса падвялі вынікі 2016 года.

Вынікі атрымаліся несуцяшальнымі.

2016 год стаў годам працягу рэцэсіі, назапашвання структурных дысбалансаў, пагаршэння сістэмных супярэчнасцяў і эрозіі асноўных прававых і эканамічных інстытутаў.

Беларуская мадэль цэнтралізаванай планавай эканомікі, аўтарытарнага праўлення і дамінавання дзяржаўнай уласнасці паўтарае тыя ж тэарэтычныя і практычныя памылкі, якія прывялі да глыбокага крызісу Савецкі Саюз, піша ej.by.

Замест стварэння высокапрадукцыйнай эканомікі волі вытворчасці, гандлю, канкурэнцыі і тэхналогій улады зрабілі стаўку на мілітарызаваныя, сілавыя метады кіравання.

2016 год стаў годам росту бюракратычнай, рэгулятарнай нагрузкі на эканоміку. Ільвіная доля нарматворчай дзейнасці ўладаў не была накіравана на развязанне эканамічна праблем, нейтралізацыі сацыяльных рызык і разняволенне новых крыніц эканамічнага росту. Органы дзяржаўнага кіравання працавалі не на выхад краіны з рэцэсіі і стварэнне інстытутаў хуткага і доўгатэрміновага эканамічнага росту, а на выкананне вузкаведамасных задач і манетызацыю статусу канкрэтных суб'ектаў у рамках сістэмы прыняцця рашэнняў, кіравання дзяржаўных актываў, размеркавання бюджэтных рэсурсаў. Замест разняволення прыватнай ініцыятывы, прадпрымальніцтва ўлады ўжылі тактыку «забараняць, не пушчаць і штрафаваць».

2016 год стаў годам пагаршэння якасці дзяржаўнага кіравання. Кіраўніцтва краіны не здолела стварыць прафесійную каманду аднадумцаў, якая дзейнічае зладжана і сінхронна для пераадолення крызісных з'яў у эканоміцы. Яно не праявіла палітычнага попыту на арганізацыю агульнанацыянальнага, кансалідацыйнага дыялогу эліт.

Рэжым наменклатурнага маналогу апынуўся неэфектыўным. Палітычныя і ідэалагічныя догмы, інерцыя дэфектыўных інстытутаў, блакаванне сістэмы ачысткі сістэмы кіравання ад непрафесійных, некампетэнтных кадраў, якія генеруюць краіне толькі выдаткі, а не дададзеную вартасць – усё гэта перашкаджала прыняццю адэкватных, канструктыўных і якасных рашэнняў для вываду краіны з глыбокага крызісу.

2016 год стаў годам паскарэння эрозіі інстытута прыватнай уласнасці. У Беларусі ў крызісным стане знаходзіцца фундаментальны прынцып сучаснай цывілізацыі – прынцып абмежаванай адказнасці праз шырокае прымяненне прынцыпу субсідыярнай адказнасці. Паўсюдна парушаецца прынцып прэзумпцыі невінаватасці, а таксама прынцып «закон зваротнай сілы не мае». Спусташальныя штрафы, крыміналізацыя эканамічнага заканадаўства, канфіскацыя маёмасці, спісанне грошай з рахункаў без пастановы суда, высокія выдаткі спагнання запазычанасцяў з дзяржаўных арганізацый, навязванне бюракратычнага пункту гледжання на абгрунтаванасць коштаў і выдаткаў, прымус да таварнага асартыменту – улады не толькі не спынілі муштраваць бізнэс, але пачалі выкарыстоўваць больш дасканалыя метады і інструменты.

2016 год стаў годам назапашвання запазычанняў, неліквідаў, праблемных актываў і «мёртвага» капіталу ў банкаўскім і рэальным сектарах эканомікі, а таксама ў сектары дзяржаўнага кіравання. Урад працягнуў будаваць дзяржаўную даўгавую піраміду, у тым ліку валютную, пагаршаючы рызыкі захрасання краіны ў доўгатэрміновай стагнацыі.

2016 год стаў страчаным годам для дыверсіфікацыі вытворчасці, экспарту і крыніц фінансавання. Пры негатыўным уздзеянні Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) на эканоміку Беларусі залежнасць ад расейскага рынку збыту павялічылася. Праз дэфектыўнасць інстытута прыватнай уласнасці і непрымальных для прамых замежных інвестараў умоў рэалізацыі інвестыцыйных праектаў Беларусь адчувае сапраўдны інвестыцыйны голад.

2016 год стаў годам антысацыяльнай палітыкі. Улады непрапарцыйна пераклалі дадатковы цяжар крызісных з'яў на плечы хатніх гаспадарак. Пашырылася сфера беднасці. Істотна вырасла напружанне на рынку працы. Неэфектыўная барацьба з так званымі дармаедамі прывяла да рэзкага росту сацыяльнага напружання. Замест паўнавартаснай пенсійнай рэформы быў толькі павялічаны пенсійны ўзрост і зменена формула разліку пенсіі, што непазбежна прывядзе да памяншэння пенсійных выплат. Тарыфная палітыка дзяржаўных інфраструктурных манаполій рэзка павялічыла выдаткі людзей на жыллёва-камунальныя паслугі. Алігапалітычныя практыкі на рынку лекаў, медыцынскіх і адукацыйных паслуг павялічылі выдаткі хатніх гаспадарак на іх набыццё.

2016 год быў годам эрозіі даверу. Лукашэнка не давярае сваёй вертыкалі, што павялічвае выдаткі на кантрольныя і сілавыя структуры. Савет міністраў і Нацыянальны банк не працуюць у адной звязцы, што зніжае якасць дзяржаўнага кіравання. Мясцовыя орган улады не давяраюць агульнарэспубліканскім. Улады не давяраюць бізнэсу. Бізнэс не давярае ўладам, што вядзе да росту коштаў, дэвальвацыйных і інфляцыйных чаканняў.

Стасункі ўлады з грамадствам у рэжыме маналогу праз ТВ і дзяржаўныя газеты пагаршаюць крызіс даверу да дзяржавы. Востры дэфіцыт культуры дыялогу, павагі да меркавання меншасці, салідарнасці і партнёрства пагаршае структурны, сістэмны крызіс.

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках