26 красавiка 2024, Пятніца, 7:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці запросіць Захад Лукашэнку, Захарчанку і Платніцкага на саміт у Брусэль?

29
Ці запросіць Захад Лукашэнку, Захарчанку і Платніцкага на саміт у Брусэль?
Андрэй Саннікаў

Беларуская апазіцыя жывая і прадаўжае барацьбу.

Час ад часу чую ад сваіх еўрапейскіх суразмоўцаў, нават сяброў, або былых сяброў, глыбакадумныя сентэнцыі: "Лукашэнка - моцны палітык".

На законнае пытанне: "У чым жа моц?" адбываецца такі прыкладна дыялог:

- Дык у чым жа ягоная моц?

- Ну, вунь колькі гадоў ён ва ўладзе.

- Гэта зразумела, а моц жа ў чым?

- Дык ён жа столькі гадоў ва ўладзе.

- Тады так і скажы, што ягоная моц у тым, што ён у еўрапейскай краіне ўсталяваў дыктатуру, знішчыў усе правы і свабоды, стварыў мафіёзны клан.

- Але глядзі, як ён спрытна круціцца паміж Масквой і Захадам.

- Круціцца ён пад Масквой, а ад Захаду яму патрэбныя толькі грошы і без усялякіх умоў.

Увогуле, такі бессэнсоўны дыялог можа трываць даволі доўга, але заканчваецца амаль заўсёды аднолькава. Яшчэ ніводзін з суразмоўцаў не прызнаў, што сваім даўгалеццем Лукашэнка абавязаны у тым ліку і Захаду. А калі пра гэта скажаш, то натыкаешся на яшчэ адзін прадказальны дыялог.

- Ды не да вас цяпер, не самая важная праблема і не самае вялікае зло ваш Лукашэнка. Вунь паглядзі, што ў Іраку робіцца (у Афганістане, на Блізкім Усходзе, у М'янме, ва Украіне, зноў у Іраку, у Эквадоры, у Венесуэле, зноў ва Украіне, Сірыі, Лібіі, Егіпце і гэтак далей), а яшчэ Аль-Каіда , ІДІЛ, міжнародны тэрарызм... брэксит, Трамп, Эрдаган...

І так усе 23 гады лукашэнкаўскай улады.

- Так, але пры ўсіх гэтых крызісах знаходзяцца ж у Захада і сілы, і сродкі, каб падтрымаць Лукашэнку.

- Як гэта падтрымаць? Мы ж санкцыі супраць яго час ад часу ўводзім.

- Якія ж гэта санкцыі? Візавыя цяжкасці, якія да таго ж можна абысці. Пры гэтым дыктатарскаму рэжыму выдаюцца крэдыты, бізнэс з ім развіваецца, тавараабарачэнне расце, кантрабанда заахвочваецца, брудныя бізнэс-схемы з удзелам Захаду дзейнічаюць безадказна.

- Дык гэта бізнэс, нічога асабістага. Да таго ж апазіцыя ў вас слабая і раз'яднаная. Каму там дапамагаць? Што вы ўсё на Захад ківаеце?

- Ды я нават не пра дапамогу апазіцыі, а пра тое, каб перасталі дапамагаць дыктатару фінансава (крэдытамі і бізнэсам), палітычна (прызнаючы легітымнасць ягоных незаконных органаў і падтрымліваючы кантакты са злачынцамі), і маральна (здымаючы нават мяккія санкцыі з серыйных злачынцаў). А наконт слабасці, то 23 гады барацьбы, турмаў, забойстваў, катаванняў, здрады Захаду, вядома ж, сіл не дадалі, але мы жывыя і прадаўжаем барацьбу. Навучыцеся і гэта заўважаць. На Захад мы не ківаем, а чакаем, што вы будзеце свае ж каштоўнасці і прынцыпы абараняць. Толькі вы сёння можаце абараніць міжнароднае права і міжнароднае правасуддзе пакуль не позна.

Як правіла, найбольш актыўныя суразмоўцы неўзабаве апынаюцца ў купцы "спецыялістаў" аб Беларусі, якія лабіююць інтарэсы Лукашэнкі.

Знайшлі свайго гаспадара, маюць дробны прыбытак і чамусьці ва ўпор не бачаць, што "моцны" палітык Лукашэнка давёў краіну да жахлівага стану. Не жадаюць заўважаць, што часы незадаволенасці цяперашнім рэжымам у Беларусі даўно прайшлі. Сёння ён выклікае ў людзей толькі нянавісць.

Зрэшты, не жадаюць заўважаць на Захадзе і таго, што Лукашэнка быў папярэднікам ўсёй той мярзоты, якая хлынула ў заходні свет у апошняе дзесяцігоддзе. Ніяк не могуць звязаць элементарныя прычыну і вынік: беспакаранасць дробных дыктатараў спараджае дыктатараў буйнейшых, якія імкнуцца і здольныя ператварыць Захад у сваё асяроддзе пражывання. У беспакаранасці і хаваецца "сіла" той шэрасці, якая сёння балюе ў свеце. Беспакаранасць спараджае нахабства фюрэраў і прыводзіць да войнаў.

Безумоўна, на чале гэтай агрэсіўнай шэрасці сёння стаіць Пуцін, але ягоныя палітычныя перавагі фармаваліся акурат пад моцным уплывам агульнага аўтарытарна-дыктатарскага кубла, што ўзнік на тэрыторыі былога СССР.

Пуцін з'явіўся з лукашэнак, якія з дапамогай Захаду ўсталявалі свае ўдзельныя дыктатуры. Палітычныя ўнукі Сталіна адседзеліся, агледзеліся, накраліся - ніхто на іх як мае быць не цыкнуў, - і ў адкрытую пайшлі вайной на Захад.

Усе гэтыя назарбаевы, рахмоны, лукашэнкі, дынастыя аліевых, бердымухамедавых следам за карымавымі, і вядома ж, пуцінымі прадаўжаюць беспакарана рабаваць свае народы, пазбавіўшы нас права голасу, у поўнай упэўненасці, што ніхто іх не спыніць.

Гэтыя "моцныя" палітыкі пляваць хацелі на бескарысныя ўмоўнасці тыпу правоў і свабод чалавека, ды проста на элементарную прыстойнасць.

А што Захад? А Захад у асобе ЕЗ збіраецца запрасіць Лукашэнку наведаць Брусэль для ўдзелу ў саміце Усходняга партнёрства. Моцны ход. Трэба было б яшчэ данбаскіх бандытаў паклікаць, усялякіх платніцкіх і захарчанкаў, якія таксама сцвярджаюць, што іх законна выбіралі. Яны вельмі перспектыўныя нягоднікі. Да таго ж геаграфічна знаходзяцца ў зоне Усходняга партнёрства.

Андрэй Саннікаў, каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", старшыня Міжнароднай камісіі Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках