26 красавiка 2024, Пятніца, 17:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму тарыфы на ацяпленне ўсё ж падвысяць у шэсць разоў

62
Чаму тарыфы на ацяпленне ўсё ж падвысяць у шэсць разоў

Урад зазнае фіяска ў «бітве за ЖКГ».

Урад спрабуе ліквідаваць перакрыжаванае субсідаванне ў энэргетыцы, не займаючыся пры гэтым сур'ёзнымі рэформамі ў двух найважнейшых манапалізаваных галінах – ЖКГ і энэргетычнай галіне. Аднак адміністрацыйныя намаганні для зняцця залішняга цяжару з прадпрыемстваў шляхам падвышэння тарыфаў для насельніцтва (калі яны будуць паспяховымі) хоць і з'яўляюцца крокамі ў правільным кірунку, прывядуць толькі да частковага выніку. Відавочна, што пры адсутнасці рэальных рэформаў у гэтых галінах манапольная сістэма будзе імкнуцца кампенсаваць свае выдаткі праз падвышэнне тарыфаў, піша Таццяна Манёнак для сайта «Наша меркаванне».

У Беларусі, як вядома, сфера камунальных паслуг практычна цалкам манапалізаваная дзяржавай. Інвестары практычна не ідуць у гэтую сферу праз складаную эканамічную сітуацыі ў краіне агулам і дамінаваннем дзяржавы ў сістэме ЖКГ. Аналагічная сітуацыя і ў энэргетыцы: пакуль да стварэння ў Беларусі аптовага і раздробнага рынкаў электраэнэргіі не прыступілі (канцэпцыя закона «Аб электраэнэргетыцы», якая павінна даць старт рэформам у гэтай галіне, чакае подпісу прэзідэнта).

Сістэма, што склалася, дазваляе камунальнікам і энэргетыкам фармаваць свае тарыфы, зыходзячы з выдаткаў. Як вынік, яна не зацікаўленая ў зніжэнні выдаткаў, бо гэта азначае зніжэнне для гэтых галін бюджэтных кампенсацый.

Яшчэ адзін важны аспект у тым, што рэформа сістэмы ЖКГ шчыльна звязаная з развязаннем праблемы цэнтралізаванага цеплазабеспячэння, цеплавой рэабілітацыяй будынкаў і г. д., што акурат і стварае рэальныя ўмовы для зніжэння тарыфаў на «камуналку». У Беларусі да развязання гэтых праблем толькі прыступаюць.

Улады баяцца падвысіць тарыфы на цяпло ў 6 разоў

Перакрыжаванае субсідаванне азначае пераразмеркаванне фінансавай нагрузкі паміж бытавымі і прамысловымі спажыўцамі. Гэта значыць, за тое, што цяпер недаплачваюць грамадзяне, плацяць прадпрыемствы і часткова – бюджэт.

Цяпер насельніцтва аплачвае тарыфы ЖКГ прыкладна на 1/3, астатнюю частку кампенсуюць прадпрыемствы і часткова – дзяржбюджэт. Кошт перакрыжаванага субсідавання ў энэргатарыфе для прамысловых прадпрыемстваў – блізу 2 цэнтаў за 1 кВт.г. Для іх гэта сур'ёзная нагрузка. Бо калі цяпер сабекошт вытворчасці электраэнэргіі ў Беларусі складае 6,81 цэнта за кВт.г, то сярэдні тарыф для прамысловых спажыўцоў – 10,79 цэнта за кВт.г.

Пры гэтым чыноўнікі звяртаюць увагу, што пры кошце газу ў 1,7 раза вышэйшым, чым у Расеі, Беларусь мае аднолькавы з РФ сабекошт выпрацоўкі электрычнай і цеплавой энэргіі. Але тарыфы для беларускіх прадпрыемстваў вышэйшыя праз перакрыжаванае субсідзіравання. А вось для насельніцтва ў Беларусі энэргатарыф у 5 разоў ніжэйшы, чым у Расеі.

Мяркуецца, што ўзровень кампенсацыі насельніцтвам камунальных паслуг вырасце ў Беларусі да канца 2017 года да 74,8%, да канца 2018 года – да 85%, да 2020 года – да 93,3%. Што да 100% кампенсацыі камунальных тарыфаў з улікам аплаты цеплавой энэргіі, то гэтага можна дасягнуць толькі ў 2025 годзе, адзначаюць профільныя чыноўнікі.

«У нас галоўная праблема сёння – цеплазабеспячэнне», – не хаваюць чыноўнікі. Сёння за ацяпленне беларускі спажывец плаціць 16,8% ад сабекошту. Каб выйсці на поўны кошт ацяплення, тарыф на цеплавую энэргію трэба павысіць амаль у 6 разоў.

Урад паспрабаваў, народ спыніў

У мінулым годзе беларускі ўрад чарговым разам заявіў аб гатоўнасці праз тры гады поўнасцю ліквідаваць перакрыжаванае субсідаванне ў энэргетыцы. На такую, фактычна, рэвалюцыйную для беларускіх рэалій заяву ўрад наважыўся праз жаданне атрымаць крэдыт на $3 млрд. Ліквідацыя перакрыжаванага субсідавання ў энэргетыцы цягам 6-18 месяцаў – адная з умоў выдачы крэдыту МВФ. Урад Беларусі заявіў, што гатовы выканаць гэтую ўмова. У 2017 годзе планавалася выйсці на 75% кампенсацыю насельніцтвам выдаткаў на «камуналку», а ў 2018 годзе – на 100%.

Да выканання гэтага плана ўрад прыступіў досыць актыўна. З пачатку 2016 года тарыфы на газ для насельніцтва былі падвышаныя адразу на 20% (кошт газу ўключылі ПДВ). Таксама былі падвышаныя тарыфы на ваду і ацяпленне і г. д., у выніку чаго «камуналка» адразу вырасла на 40-70%. Пры гэтым, як і раілі міжнародныя экспэрты, у Беларусі з 1 кастрычніка 2016 года зарабіла сістэма безнаяўных жыллёвых субсідый.

Аднак, гэтыя крокі выклікалі негатыўную рэакцыю насельніцтва. Падвышэнне тарыфаў на паслугі ЖКГ на фоне падзення заробкаў узмацніла восенню мінулага года пратэстныя настроі ў грамадстве. І ўжо ў лістападзе 2016 года Лукашэнка публічна заявіў пра сваю нязгоду з пазіцыяй МВФ аб тэрмінах ліквідацыі перакрыжаванага субсідавання ў Беларусі.

Надзеі – на танны расейскі газ і еўразійскі энэргетычны рынак

Адная з ключавых урадавых матывацый найхутчэйшай ліквідацыі перакрыжаванага субсідавання ў энэргетыцы – жаданне падвысіць канкурэнтаздольнасць айчынных прадпрыемстваў, якія страчваюць свае пазіцыі нават на асноўным, расейскім рынку.

Адсюль такое імкненне беларускага кіраўніцтва атрымаць такія ж кошты газу, як у Расеі. Калі б яму ўдалося ў нядаўняй нафтагазавай спрэчцы з Масквой ужо з 2017 года атрымаць больш нізкі кошт газу, то гэта, безумоўна, дапамагло змякчыць тарыфную рэформу ў энергетыцы, на якой намагаў МВФ. Аднак «збіць» кошт газу не ўдалося. У 2017 годзе Беларусь купляе расейскі газ па $145 за тысяч куб м – на 6,3% вышэй, чым у мінулым годзе.

Цяпер беларускія чыноўнікі разлічваюць, што стварэнне агульнага электраэнергетычнага рынку ЕАЭС дасць магчымасць знізіць тарыфы для рэальнага сектара Беларусі прыкладна на чвэрць. Аб гэтым заявіў намеснік старшыні Дзяржкамітэта стандартызацыі – дырэктар Дэпартамента энэргаэфектыўнасці Беларусі Міхаіл Малашэнка у інтэрв'ю газеце «Рэспубліка» ў канцы кастрычніка.

Ён адзначыў, што ўжо ў 2019 годзе будзе адзіны рынак электраэнэргіі з Расеяй, а значыць, ужо мусіць існаваць аптовы і раздробны рынак электраэнэргіі ў Беларусі. «І не трэба забываць, што тарыфы аптовага рынку электраэнэргіі ў разы меншыя, чым на раздробным. Адпаведна, буйныя прадпрыемствы – галоўныя гульцы на гэтым рынку – змогуць знаходзіцца ў больш выгадным становішчы», - сказаў Малашанка.

У Мінэнэргетыкі, і «Белэнерга» падлічылі, што тарыф на электраэнэргію для прадпрыемства знізіцца да 7,9 цэнта з цяперашніх 11,3 цэнта за кВт.г,

Магчыма, надзеі на патанненне энэргатарыфаў для прадпрыемстваў кіраўніцтва Беларусі звязвае хутчэй з больш нізкім коштам расейскага газу, чым са стварэннем агульнага энэргарынку ў ЕАЭС.

Нагадаем, у красавіку 2017 года Беларусь і Расея дамовіліся аб умовах пастаўкі газу ў Беларусь на 2017-2019 гады. Згодна з ім, Беларусь у 2018 годзе будзе плаціць за расейскі газ фіксаваны кошт – $129 за тысяч куб м (на мяжы), а ў 2019 годзе – USD 127. Паколькі цяпер газ для Беларусі каштуе USD 145 (трэба меркаваць, паводле вынікаў 2017 года кошт будзе вышэй з улікам росту кошту нафты). Так што рэзервы для зніжэння кошту электраэнэргіі для прамысловых прадпрыемстваў ва ўрада ёсць. Выкарыстоўваючы гэты рэзерв, урад плануе у 2018 годзе знізіць тарыфы для прадпрыемстваў на 0,6 цэнта за кВт.ч (энэргаёмістым прадпрыемствам абяцаныя вялікія зніжкі).

Аднак цяпер урад актыўна працуе над ўмовамі імпарту расейскага газу ў 2020-2024 гадах. Пры гэтым ён намагае на тым, што з 1 студзеня 2025 года кошт газу для Беларусі павінен быць роўны кошту ў Смаленскай вобласці Расеі (цяпер ён прыкладна ў 2 разы ніжэйшы, чым для Беларусі). І калі гэтая запаветная мара сапраўды збудзецца, то тэарэтычна гэта дасць магчымасць беларускаму кіраўніцтву істотна палегчыць цяжар перакрыжаванага субсідавання для прадпрыемстваў. Абсалютна зразумела, што бітва за гэтую газавую мяжу будзе жорсткай, але не факт, што Беларусь выйдзе з яе пераможцам.

Напісаць каментар 62

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках