26 красавiка 2024, Пятніца, 12:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«ДНР» супраць «ЛНР»: Вежы Крамля сутыкнуліся ў Луганску

4
«ДНР» супраць «ЛНР»: Вежы Крамля сутыкнуліся ў Луганску

Але не факт што ўсё скончыцца менавіта так, як думае верхавод луганскіх тэрарыстаў Платніцкі.

У акупаваным Луганску трывае калатнеча паміж верхаводам баевікоў ЛНР Ігарам Платніцкім ды Ігарам Карнэтам, якога расейцы называюць "кіраўніком МУС". Але ў СМІ пішуць, што напраўду адбываецца канфлікт паміж дзвюма крамлёўскімі групамі ўплыву. Што цяпер адбываецца ў Луганску і пры чым тут Крэмль - у тлумачальным матэрыяле LIGA.net.

З ЧАГО ПАЧАЛОСЯ. Учора ў Луганску чалавек на прозвішчы Карнэт (расейцы называюць яго "кіраўніком МУС") рукамі сваіх наймітаў пачаў захоп улады ў горадзе, ссоўваючы баевікоў Платніцкага. У горад заехалі калоны тэхнікі, цэнтральныя вуліцы перацялі, праз мяжу з РФ уварвалася цяжкая тэхніка, тэлевізію - адключылі, а ва ўсім тым, што адбываецца абвінавацілі "ўкраінскую ДРГ".

ЯК РАЗВІВАЛАСЯ. Яшчэ ўчора людзі сталі ўцякаць з горада. А сёння Луганск апусцеў: плынь людзей, якія перасякаюць лінію размежавання, сур'ёзна павялічылася. Але, напрыклад, медработнікам забаранілі з'язджаць. Тым часам людзі Карнэта захапілі будынак так званай "пракуратуры" Луганска, узяўшы ў закладнікі два дзясяткі чалавек. Сам Платніцкі, з розных звестак, ці то ўцёк у РФ, ці то забарыкадаваўся ў будынку былой абласной адміністрацыі. Увечары верхавод ЛНР заявіў у звароце, што "хутка гэта скончыцца" і назваў сітуацыю "пераваротам".

ШТО БУДЗЕ ДАЛЕЙ. Залежыць ад пастановы Масквы. Як Платніцкага, так і Карнэта кантралюе Крэмль. Пытанне толькі ў тым, уплыў якой з вежаў будзе мацнейшым. Паводле версіі кіраўніка МЗС Паўла Клімкіна, падзеі ў Луганску - вынік гэта канфлікту паміж спецслужбамі РФ. І гэта можа быць праўдай. Вядома, што Платніцкі - праект памочніка прэзідэнта РФ Уладзіслава Суркова (выбары, палітычныя фігуры, вонкавы фасад - гэта ўсё Суркоў). Сілавік Карнэт, які сёння ў горадзе дзейнічаў супольна з ФСБ (у Луганску іх называюць "МГБ") - дзейнічае ад асобы сілавікоў Крамля, у тым ліку дырэктара ФСБ Бортнікава.

Чаго хоча Крэмль - невядома. Сакратар Пуціна, каментуючы калатнечу ў Луганску, нічога не сказаў. Можна толькі здагадвацца пра мэты. Вось спіс версій: аб’яднаць тэрарыстычныя арганізацыі ЛНР і ДНР пад адзіным кіраваннем РФ (без падзелу на "палітыкаў" і "сілавікоў"); прыструніць палітычнае крыло ў Крамлі; падзяліць грашовыя плыні; зачысціць "палітычнае поле" у Луганску пад перадачу акупаваных раёнаў Украіне.

То бок, калі хтосьці кажа, што ён дакладна ведае - гэта наўрад ці праўда. Але пакуль канфлікт у Луганску нагадвае сутыкненне крамлёўскіх груп уплыву, і, як гэта было раней і доўжыцца дагэтуль- канчатковая мэта заўсёды зводзіцца да грошай: хто кантралюе кантрабанду; хто будзе размяркоўваць і асвойваць грошы з Масквы; хто збярэ і затым забярэ з сабой у РФ даніну з мясцовага бізнэсу і жыхароў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках